Ціханоўская: разумею беларусаў, якія перасталі верыць у мірны сцэнар

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Сілавы сцэнар дапушчальны, але гэта не абавязкова гвалт і ахвяры сярод беларусаў, кажа ў інтэрв’ю Еўрарадыё Святлана Ціханоўская. Таксама абмеркавалі з ёй крытыку працы Аб’яднанага пераходнага кабінета, супраціў расійскай арміі ў Беларусі і торг Лукашэнкі палітзняволенымі.

Зміцер Лукашук: Шмат размоў пра радыкалізацыю грамадства, што немагчыма змяніць рэжым без сілавога сцэнара. Якое ваша стаўленне і як палітыка, і як жанчыны да сілавога сцэнара? Якім ён вам бачыцца, якія формы падаюцца дапушчальнымі?

Святлана Ціханоўская: Я асабіста буду да апошняга, пакуль гэта магчыма, галасаваць за мірны сцэнар. Але я разумею беларусаў, якія перасталі ў гэта верыць. Бо цяжка верыць, калі ты ідзеш з кветкамі, а ў цябе страляюць. Таму радыкалізацыя грамадства існуе, але ж усё роўна мы павінны разумець, што сілавы сцэнар не панацэя. Усё адно нам патрэбны будуць перамовы. Насамрэч сілавы сцэнар — гэта не абавязкова гвалт. План “Перамога”, які распрацоўвае BYPOL, — гэта пра параліч дзяржаўнай і сілавой сістэмы. Каб можна было заблакаваць краіну да моманту паведамлення [ад дэмсіл. — Еўрарадыё].

І над гэтымі сцэнарамі ў нас працуюць і Валерый Сахашчык, і Аляксандр Азараў. Яны распрацоўваюць метады, якія не нясуць нам ахвяр, з найменшымі стратамі з боку беларусаў.

З. Л.: Вам не бачыцца варыянт з партызанскімі атрадамі, цягнікамі пад адхон, як у часы вайны? Умоўна, беларуская вызваленчая армія заходзіць на тэрыторыю Беларусі, грамадзянская вайна.

С. Ц.: Сцэнары могуць быць розныя. Чаму цягнікі пад адхон? Гэта значыць, што наступае расійская армія на тэрыторыю Беларусі. Канешне, нашы партызаны будуць працаваць, каб замарудзіць расійскія войскі, калі яны захочуць наступаць на Украіну [з тэрыторыі Беларусі. — Еўрарадыё]. Але калі мы кажам пра ўнутраны канфлікт, калі мы разумеем, што не будзе расійскіх войскаў, гэта зусім розныя падзеі. Тады можна будзе, канешне, толькі заблакаваць усе сістэмы, але нашы партызаны будуць працаваць заўжды. І ў першым варыянце, і ў другім.

Ціханоўская: разумею беларусаў, якія перасталі верыць у мірны сцэнар
Светлана Тихановская и Змитер Лукашук / Еврорадио

З. Л.: Вы адмятаеце варыянт, што будзе расійская агрэсія і акупацыя Беларусі?

С. Ц.: Не, не адмятаю, бо цяпер ёсць чуткі, што зноў рыхтуецца прыезд расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі. Канешне, нашы партызаны і простыя беларусы, якія, як і апошні раз, будуць дасылаць інфармацыю [пра дзеянні расійскіх войскаў. — Еўрарадыё], будуць неабходныя. Але ж колькі будзе гэтых людзей, які будзе адказ Захаду і Украіны — гэта вельмі важныя рэчы.

З. Л.: Два месяцы працуе Аб’яднаны пераходны кабінет. Прадказальна ўжо з’явілася незадаволенасць. Маўляў, не бачна працы, ніякіх вынікаў. Як вы ацэньваеце працу Кабінета? І паколькі большая частка Кабінета ў Варшаве, можа, час і Офісу пераехаць у Варшаву?

С. Ц.: Усе прадстаўнікі [дэмсіл. — Еўрарадыё] як рабілі свае справы, так і робяць. Аб’яднаны кабінет паказвае, што мы працуем разам. Мы кожны дзень на сазвоне. Вось учора мы сустракаліся ў Варшаве. Не можа быць вынікаў пасля некалькіх тыдняў працы. Я ўпэўнена, што беларусы разумеюць, што Аб’яднаны кабінет — гэта не чароўная палачка. Вось аб’ядналіся — і нешта такое адбылося. Гэта паслядоўная штодзённая праца, і кожны працуе ў сваім кірунку.

З. Л.: Усе ж чакаюць, што Ціханоўская возьме і вызваліць усіх палітвязняў, што Сахашчык створыць армію за два месяцы, што Азараў створыць усе сілавыя структуры і ГУБАЗіК будзе ўцякаць невядома куды. 

С. Ц.: Чакаюць, а я кажу, што трэба працаваць не толькі Сахашчыку, Азараву, якія нібыта зробяць усё за іншых. Крытыкаваць — гэта заўжды калі ласка, а вось каб крыху больш пазітыву. Зрабіў нейкую маленькую справу — калі ласка, пахваліце. Гэта так прыемна чалавеку. Бо калі толькі крытыка, крытыка, то рукі апускаюцца і здаецца, можа, насамрэч ты нічога не робіш. Хаця ты з ранку да вечара і сустракаешся, і размаўляеш, і прапануеш, працуеш над стратэгіяй і тактыкай. Але людзі стаміліся. Я таксама не хачу нешта казаць на людзей. Людзі хацелі хуткіх пераменаў. І я хацела. Але ж трэба быць больш цярплівымі, але працаздольнымі.

З. Л.: На заканчэнне пра амністыю. Як вы думаеце, гэта проста на публіку гульня ці спроба Лукашэнкі таргавацца з Захадам. Ці пойдзе Захад на такі торг?

С. Ц.: У нашых сяброў, замежных палітыкаў вельмі пэўны пасыл, што ўсе палітзняволеныя павінны быць вызваленыя. І гэтыя гульні, што вызвалілі Груздзіловіча, Анжаліку Борыс, а на наступны дзень забралі яшчэ 15-20 чалавек, — гэта паказнік таго, што Лукашэнка не гатовы да нейкіх перамоваў, і гэта значыць, што недастатковы ціск. Палітычны, эканамічны ціск. Наша праца, каб мы гэты ціск павялічвалі.

Я амаль што ўпэўненая, што за спінамі беларусаў ніякіх перамоў [рэжыму з Захадам. — Еўрарадыё] не будзе. Гэта б перакрэсліла ўсё тое, што мы рабілі два гады. Але ж я не бачу ахвоты ад нашых замежных партнёраў, каб размаўляць з Лукашэнкам, бо гвалт працягваецца, Лукашэнка зараз зноў аддасць тэрыторыю Беларусі для расійскіх войскаў. І мы павінны працягваць тое, што мы рабілі: ціск, ціск, ціск. Гэта трэба беларусам, каб захоўваць [пратэставую. — Еўрарадыё] энергію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі