Ці застануцца кіёскі на прыпынках і вуліцах беларускіх гарадоў?

Услед за Мінскам шапікі знікнуць з галоўных вуліц Гомеля, а вось у іншых гарадах пытанне не вырашана. Да канца 2008 года былі прыбраныя камерцыйныя кіёскі на мінскіх вуліцах. Па меркаванні мясцовых уладаў, яны не адпавядалі эстэтычным патрабаванням горада. У Гомелі следам за Мінскам таксама плануюць прыбраць кіёскі на прыпынках галоўных вуліц. Ніякай афіцыйнай пастановы ў гэтай справе яшчэ не прынялі, але кіёскі паступова пачнуць знікаць.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла намесніца галоўнага архітэктара Ўпраўлення архітэктуры Гомельскага гарвыканкама Таццяна Усянок:

Таццяна Усянок :"Мы прыбіраем іх з галоўных, магістральных вуліц горада. Тым, у каго заканчваецца арэнда, ужо не працягваем яе".

Гомельскія ўлады лічаць, што кіёскі з прыпынкаў не ўпісваюцца ў забудову. Акрамя таго яны зробленыя з менш трывалых матэрыялаў і хутка губляюць свой знешні выгляд, а гэта псуе ўражанне ад гарадскіх фасадаў. Аднак на менш важных вуліцах і ў дварах яны пакуль застануцца, асабліва ў новых раёнах, дзе інфраструктура развітая дрэнна і не хапае крамаў.

А вось у іншых абласных цэнтрах ніякія дзеянні па “зачыстцы” кіёскаў не плануюцца.

Вось што паведамілі нам “Брэсцкай гарадской ЖКГ”:

Супрацоўнік “Брэсцкай гарадской ЖКГ: "Пытаннем застаецца продаж цыгарэтаў і піва, гэта можа быць. А кіёскі ніхто прыбіраць не будзе”.

Ніякіх афіцыйных дакументаў, якія б рэгламентавалі ліквідацыю кіёскаў у Брэсце, пакуль што не існуе, таму мясцовыя жыхары і прадпрымальнікі могуць быць спакойнымі. Гэтую інфармацыю пацвердзілі і ва Ўпраўленні гандлю Брэсцкага гарвыканкама.

У Магілёве таксама пакуль што не збіраюцца адмаўляцца ад кіёскаў. На думку намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Студнева, кіёскі на прыпынках вельмі патрэбныя.

Аляксандр Студнеў: “Дык, а як нам сёння без павільёнаў на прыпынках?”

У віцебскай Землеўпарадкавальнай службе таксама нічога не ведаюць пра планы аб “зачыстцы” кіёскаў. Ды і ў Гродне яны пакуль што застануцца на сваіх месцах. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Аляксандр Сяўцоў.

Аляксандр Сяўцоў: "У нас пакуль такое не плануецца. Гэта будзе вырашацца па меры будаўніцтва гандлёвых аб’ектаў. Але на прыпынках у прынцыпе павінна штосьці быць, хаця б каб газету можна было купіць, часопіс, талончык”.

У самым незайздросным становішчы апынуліся мінскія прадпрымальнікі, кіёскі якіх ліквідавалі. У іншых абласных цэнтрах іх таксама не чакаюць, сваіх жадаючых хапае. Дарэчы, паставіць кіёск не так проста. Трэба атрымаць дазвол ад мясцовага Ўпраўлення архітэктуры і ад выканкама, якія вырашаюць, ці патрэбны гораду новы шапік. Да таго ж, каб арэндаваць зямлю пад кіёск, трэба паўдзельнічаць у аўкцыёне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі