Ці заселяцца лідары апазіцыі ў нумар брусельскага гатэля з гомасэксуалам?

Ці заселяцца лідары апазіцыі ў нумар брусельскага гатэля з гомасэксуалам?

Павел Севярынец, сустаршыня незарэгістраванай партыі "Беларуская Хрысціянская дэмакратыя" лічыць гомасэксуальнасць хваробай. Яго права так лічыць — у нас свабода выказванняў. Але Севярынец — яшчэ і лідар палітычнай структуры. І як лідар Павел прапанаваў пакінуць БХД аднаму з сябраў — Маргарыце Тарайкевіч, якая не падзяляе гэтых “хрысціянскіх поглядаў”

Як да сяброўства ў партыі гомасэксуала паставяцца дэмакратычныя лідары?

Лідар АГП Анатоль Лябедзька сцвярджае, што ніякага значэння сэксуальная арыентацыя чалавека не мае. “Хто я такі, адкажу, перафразуючы Папу Рымскага Францыска, каб гэта каментаваць?” — пытаннем на пытанне адказвае Лябедзька.

“Не думаю, што праз арыентацыю ў яго будуць праблемы”, — упэўнівае мяне Сяргей Калякін, аднак заўважае, што рашэнне прымае не лідар партыі, а нізавыя структуры.

Экс-кандыдат у прэзідэнты, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў нечакана разважае пра хрысціянскія прынцыпы: “Тут складанае пытанне: наколькі чалавек, які прызнае хрысціянскія прынцыпы, можа быць геем? Прынцып прыёму ў партыю ў нас такі: прызнанне праграмы партыі, прызнанне статута...”

Ладна, у партыю прынялі. А вось калі давядзецца з сябрам партыі нетрадыцыйнай арыентацыі разам у камандзіроўку паехаць, а там яшчэ ў адзін нумар засяляцца?

"Ніякіх праблем!" — адказваюць Анатоль Лябедзька і Андрэй Дзмітрыеў. Але навошта яны потым гавораць, што ніколі не жывуць з кімсьці ў адным нумары?

 “Я чалавек самадастатковы і магу сабе дазволіць зняць асобны нумар самастойна, калі раптам такая сітуацыя выпадзе!” — абураецца Дзмітрыеў.

Рыгор Кастусёў і Алег Гайдукевіч папярэджваюць: у выпадку чаго здольныя… абараніць свой гонар.

Алег Гайдукевіч: “Я ніколі ў жыцці не буду сябе так паводзіць, што я павінен ад гэтых людзей адварочвацца. Гэта няправільна — гэта людзі. Тым больш калі гэта беларусы. Калі не будзе дзе жыць, то буду жыць з імі. Не хвалюйцеся — ён са мной нічога не зробіць! Усё будзе нармальна, у мяне хопіць магчымасцяў за сябе пастаяць”.

Толькі Павел Севярынец катэгарычны: гэта грэх, і ад варот паварот.

Севярынец: “Чалавек, які адчувае сябе гомасэксуалістам, ён жа можа прыйсці і ў царкву і каяцца, можа змагацца з гэтым грахом. Такі чалавек увогуле набліжаецца да святасці і ў маіх вачах ён герой. Нягледзячы на тое, што ён мае такую праблему. Ён змагаецца, ідзе па гэтым шляху — ідзе да Хрыста. А калі ён прыходзіць у партыю і гаворыць: “Я гей, я лічу, што гэта нармальна, я гэтым ганаруся і лічу, што гэта павінна быць нормай для нашага грамадства. У гэтым выпадку — ад варот паварот. Гэта супярэчыць хрысціянскаму веравучэнню, супярэчыць праграме Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі — такі чалавек быць сябрам партыі не можа!” 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі