Ці прызнае Лукашэнка Крым расійскім? Меркаванне эксперта

Лукашэнка і Пуцін / прэс-служба Крамля
Лукашэнка і Пуцін / прэс-служба Крамля

Адносіны паміж Украінай і Беларуссю перажываюць глыбокі палітычны крызіс. А перыядычныя выказванні Лукашэнкі на адрас украінскіх уладаў толькі пагаршаюць становішча.

Пра тое, да чаго можа прывесці гэтае супрацьстаянне, Еўрарадыё пагутарыла з кіраўніком украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

У час "Вялікай размовы" Лукашэнка чарговы раз заявіў, што следчыя так званай "Луганскай Народнай Рэспублікі" дапытвалі Рамана Пратасевіча (раней сам Пратасевіч гэта адмаўляў). Што гэта азначае — Лукашэнка прызнае "ЛНР"?

"Шчыра кажучы, я губляюся ў гэтым пытанні, таму што, калі прайшло гэтае паведамленне практычна адразу пасля затрымання Пратасевіча, я ўспрымаў яго як інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю Расіі і супраць Украіны, і супраць Лукашэнкі. Чаму? Таму што пусціць так званых следчых з так званай "ЛНР" і дазваляць нейкія юрыдычныя дзеянні — гэта зрабіць дастаткова выразны крок да яе прызнання.

Лукашэнка, відаць, забыўся, што тавараабарот паміж нашымі краінамі па выніках мінулага года каля 4,5 мільярда долараў, з якіх 2,7 — пазітыўнае сальда Беларусі: Беларусь больш прадае ва Украіну, чым купляе…

Магчыма, ЛНР у гэтай гісторыі іграе другую ролю: Лукашэнку важней паказаць раскаянне Пратасевіча. Але ён, відаць, забыўся пра нормы міжнароднага права", — лічыць Магда.

Ці можа Лукашэнка прызнаць Крым расійскім?

"Лукашэнка пра гатоўнасць прызнаваць Крым гаварыў яшчэ ў чэрвені пасля захопу Пратасевіча, пасля таго як Украіна разам з краінамі ЕС закрыла паветраную прастору для беларускіх самалётаў.

Але якая ў гэтым эканамічная логіка? Адпраўляць самалёты "Белавія"? Куды?

Аб'ектыўна гэта толькі аксамітны сезон. Ці ўсе беларусы захочуць туды паехаць адпачываць, ведаючы пра тое, што штамп у пашпарце "КПП (Сімферопаль, Расія)" будзе азначаць немагчымасць потым уехаць ва Украіну? Мне здаецца, што ўсе гэтыя заявы накіраваныя на ўнутраную аўдыторыю, людзям, якія і без таго любяць Лукашэнку".

Ці варта чакаць якіх-небудзь правакацый у адносінах да Украіны ў час беларуска-расійскіх вучэнняў "Захад-2021"? На думку эксперта, калі ў гэты перыяд і чакаць нейкіх правакацый, то толькі ў адносінах да Беларусі.

"Як толькі расійскія войскі пачнуць у Беларусі дзейнічаць не паводле легенды вучэнняў, а так, як ім загадаюць у Маскве, то што б потым ні заяўляў Лукашэнка, ягоныя словы будуць мала каштаваць. Таму гэты перыяд вучэнняў будзе сапраўды напружаным для ўсіх суседзяў Беларусі, але ўсякая правакацыя мае ўласцівасць атрымліваць адказ.

Ва Украіны ёсць цяжкі досвед: наша краіна восьмы год ваюе. У Беларусі, на шчасце, вайны не было, таму шмат у чым стаўленне да Расіі цяпер такое самае, як і ў значнай часткі грамадства Украіны да Расіі да падзей 2014 года.

Варта прызнаць, што няправільныя дзеянні Украіны дазволілі Расіі захапіць Крым. Але вось як будуць дзейнічаць беларусы, калі Расія, выкарыстоўваючы тую ці іншую правакацыю, паспрабуе захапіць Беларусь? Як будуць дзейнічаць беларускія вайскоўцы, якія давалі прысягу? У гэтым праблема".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі