Ці можна падрыхтаваць дзіця да прышчэпкі, каб пазбегнуць трагедыі?

Ці можна падрыхтаваць дзіця да прышчэпкі, каб пазбегнуць трагедыі?

31 траўня ў Гродне пасля прышчэпкі памерла шасцігадовая дзяўчынка. Пакуль праводзіцца шэраг экспертыз, Міністэрства аховы здароўя на некалькі дзён спыніла выкарыстанне бельгійскай вакцыны "Прыёрыкс", якой у Беларусі карыстаюцца з 2012 года, і дагэтуль падобных трагедый не было. Па інфармацыі крыніцы з гродзенскай паліклінікі, у выпадку з дзяўчынкай мясцовыя дактары адрэагавалі хутка. Ёй стала кепска адразу пасля прышчэпкі. Але інтубацыя трахеі была зробленая імгненна, яшчэ да прыезду хуткай дапамогі, якая з’явілася літаральна праз пяць хвілін. Таксама дактары паставілі кропельніцу з адрэналінам, неабходным у дадзеным выпадку. За жыццё дзяўчынкі змагаліся сорак хвілін, двойчы атрымлівалася завесці сэрца. Са слоў суразмоўцы, у паліклініцы штогод праходзяць трэнінгі па анафілаксіі, ёсць манекены, на якіх медперсанал вучыцца праводзіць інтубацыю. Аднак намаганні дактароў 31 траўня не спрацавалі.

Еўрарадыё гутарыць з дзіцячым доктарам-рэаніматолагам Змітром Салошкіным пра тое, ці можа падрыхтаваць дзіця да вакцынацыі такім чынам, каб трагічны выпадак, як у Гродне, не паўтарыўся.

Ці можна падрыхтаваць дзіця да прышчэпкі, каб пазбегнуць трагедыі?

Зміцер Салошкін: Так нельга ставіць пытанне. Таму што па тым, што ёсць, па тым імгненным варыянце развіцця падзей, як у выпадку з дзяўчынкай, можна казаць, што гэта падобна да анафілактычнага шоку. Такую ж рэакцыю можа выклікаць што заўгодна: лекі, ежа, пах. Да падобнай сітуацыі, калі мае месца анафілактычны шок, перадусім мусяць быць падрыхтаваня медсупрацоўнікі, якія знаходзяцца побач. Бацькам ніяк да гэтага падрыхтавацца немагчыма. Бо разумееце, насамрэч, калі адбываецца такая рэакцыя, то колькасць рэчыва, якое трапляе ў арганізм, не мае значэння. Але трэба дачакацца вынікаў праверкі, бо, можа, таксама быць і нейкая тэхнічная памылка. Можа, было нейкае іншае рэчыва, можа, перавышаная доза прышчэпкі — гэта таксама магчымыя варыянты.

Еўрарадыё: У чалавека можа быць алергія на любы з кампанентаў вакцыны. Як можна выявіць, што ў дзіцяці менавіта на той ці іншы кампанент вакцыны алергія?

Зміцер Салошкін: Гэта немагчыма. Тым больш, што ў гродзенскім выпадку гэта не першая прышчэпка. Звычайна такая рэакцыя фармуецца за два разы. Першы раз, калі арганізм сустракаецца з гэтым ампігенам і па нейкай прычыне пачынае выпрацоўваць яго антыцелы. Іх выпрацоўваецца шмат, і застаецца памяць у арганізме. У другі раз, калі трапляе той самы ампіген, ідзе не проста алергічная, а лавінападобная рэакцыя. Усё адбываецца імгненна... А ўвогуле, ёсць пэўныя правілы. Бываюць дзеці, якія схільныя да алергіі. І да іх ставяцца больш пільна, і там ужо баяцца ўсяго. Але ў асноўным гэта так: штосьці зрабілі — убачылі, што алергія ёсць. Усе тэсты, якія ёсць, у асноўным робяцца на лекі і такія побытавыя рэчы, як пылок ці пыл. Такога, каб былі тэсты на кампаненты вакцын, няма.

Еўрарадыё: Ці можна пазбегчы нечаканай алергічнай рэакцыі на прышчэпку, выпіўшы перад гэтым таблетку супраць алергіі?

Зміцер Салошкін: Гэта можа засцерагчы ад нейкай простай алергічнай рэакцыі альбо проста будзе спакайней бацькам. Але рэальна гэта не можа прадухіліць анафілактычны шок. Таму гэта не мае сэнсу.

Еўрарадыё: Ёсць меркаванне, што перад вакцынацыяй неабходная кансультацыя імунолага. І ўвогуле, напрыклад, перад прышчэпкай прыходзіць да лекара дзіця здаровае знешне: без прыкметаў хваробы, але імунітэт слабы. Як гэта выявіць?

Зміцер Салошкін: Я не ведаю выпадкаў, каб недзе ў свеце перад кожнай прышчэпкай дзяцей кансультаваў імунолаг. Да таго ж, гэта складанае пытанне, бо імунадэфіцыт, як дыягназ, ставіцца па спецыяльных аналізах, па пэўнай клініцы. Не кожнае дзіця адпраўляюць да імунолага ў прынцыпе.

Еўрарадыё: Што неабходна, каб прышчапіцца?

Зміцер Салошкін: Перад прышчэпкай трэба, каб дзіця было здаровае. Каб яно перад гэтым не хварэла. То бок, нельга рабіць прышчэпку адразу пасля хваробы. Дзіця мусіць паглядзець доктар: перад прышчэпкай правяраецца проста стан здароўя на дадзены момант, каб не было тэмпературы, праяваў вірусных захворванняў і алергіі, напрыклад, свежага сыпу. Зразумела, што цяпер уздымецца хваля. Але сапраўды трэба дачакацца вынікаў экспертызы. Бо, калі памятаеце, быў выпадак у Літве, калі пенсіянеры паміралі ад беларускага Аскафену. У выніку апынулася, што ў гэтым Аскафене быў дамешак лекаў, якія зніжаюць цукар. А вонкава было так, што чалавек прыняў Аскафен ад галавы, і памёр. Можа, і тут нешта такое. На заводах таксама бываюць збоі.

Еўрарадыё: Некаторыя бацькі лічаць, што перад прышчэпкай доктар абавязкова мусіць накіраваць дзіця на аналізы. Ці так гэта?

Зміцер Салошкін: Не. Аналізы здаюцца толькі на прадмет хворы — не хворы, але гэта бачна па клініцы: ці ёсць нейкія праявы: тэмпература, кашаль. Паслухалі, горла паглядзелі, налётаў, чырвані няма — можна прышчапляцца. Дадаткова дубляваць аналізы не мае сэнсу, яны нічога не паказваюць.

Еўрарадыё: Некаторыя мяркуюць, што каб пазбегнуць наступстваў ад вакцынацыі, лепш увогуле ад яе адмовіцца...

Зміцер Салошкін: Я згодны, што пазбегнуць наступстваў можна не робячы прышчэпкі. Але тады можна памерці ад любой з гэтых хваробаў. Не на 100%, але любая з гэтых хваробаў можа выклікаць ўскладненні, некаторыя з якіх могуць прывесці да смерці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі