Ці магчыма правесці прэзідэнцкія выбары не ў лістападзе, а ў красавіку?

Адразу тры лісты ад нібыта расійскіх СМІ атрымлівае цягам вечара палітолаг Аляксандр Фядута. Ва ўсіх просяць пракаментаваць адну і тую ж інфармацыю з “надзейных крыніц” — Аляксандр Лукашэнка не будзе браць удзел у сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах, у прэзідэнты пойдзе міністр замежных спраў Уладзімір Макей.
 
“Як нам стала вядома з надзейных крыніц, Аляксандр Лукашэнка не будзе браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Ён мае намер падтрымаць кандыдатуру Уладзіміра Уладзіміравіча Макея. Вы не маглі б даць вельмі тэрміновы каментарый?” — піша на пошту Аляксандра Фядуты нехта, прадстаўляючыся карэспандэнткай тэлеканала LifeNews.
 
                                           Аляксандр Фядута
 
“Калі б гэта было так, то мы б гэта на 100% абмяркоўвалі з самай раніцы. І стоадсоткава гасцей бы на гэтую тэму ўжо вызвоньвалі, а так гэтага ў нас няма — абвяргае датычнасць LifeNews да гэтых лістоў адзін з прадзюсараў канала. — Я, шчыра кажучы, гэтую інфармацыю ад вас чую ўпершыню і вельмі здзіўленая. А вось адкуль яна з’явілася — гэта пытанне вельмі цікавае. І навошта гэты “закід” увогуле? Каму ён выгадны і каму цікавы?”
 
І сапраўды: каму такі закід можа быць выгадны? Беларускі палітолаг Яўген Прэйгерман не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што гэтыя лісты прыйшлі менавіта Аляксандру Фядуту. Маўляў, ён жа ў мінулым ужо выказваў публічна ўпэўненасць, што Лукашэнка на выбары не пойдзе — каму, як не яму, такія правакацыйныя лісты дасылаць? 
 
Яўген Прэйгерман: “А калі разважаць, каму гэта можа быць выгадна, то гэта можа быць нехта і ў Расіі — мы ж ведаем, што напярэдадні кожнай прэзідэнцкай кампаніі яны спрабуюць дадатковыя інструменты ціску ўжываць. Напрыклад, казаць неадназначна, падтрымліваюць ці не падтрымліваюць. Так было ў 2006 і ў 2010 годзе. Ці можа гэта быць каму цікава ў Беларусі? Ёсць і такія расклады: скласці нейкую інтрыгу, адцягнуць ўвагу ад іншых пытанняў”.
 
                                              Яўген Прэйгерман
 
Палітолаг Юрый Шаўцоў па-іншаму глядзіць на тое, адкуль пайшоў “закід” інфармацыі: “Фядута і Радзіна: менавіта яны запусцілі гэтую чутку ў медыйную прастору. А чаму яны гэта зрабілі?”
 
Шаўцоў раіць зыходзіць з “трох дакладна вядомых фактаў: падчас апошняга візіту ў Маскву Аляксандр Лукашэнка заявіў, што калі ён вырашыць ісці на выбары, то яго ніхто і нішто не спыніць”, што перанесці выбары на вясну прапанавалі, а ён адмовіўся, што дата выбараў фактычна прызначаная на 15 лістапада”. Таму, упэўнены Шаўцоў, выбары будуць адбывацца па гэтай прэзідэнцкай, а не па апісанай ў нібыта лістах LifeNews схеме.
 
Сапраўды, паводле інфармацыі з лістоў, выбары перанесеныя на 5 красавіка. Вядома, што 15 студзеня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў збіраюць на пазачарговае пасяджэнне. Пры жаданні яны могуць разам са згодай на прем’ера вырашыць пытанне прызначэння даты выбараў на красавік. Але ці паспеюць арганізаваць і правесці выбарчую кампанію за такі кароткі час?
 
“Калі тэарэтычна яшчэ і магчыма, што, вось, сёння Палата збярэцца і прызначыць гэтыя выбары, — падлічвае сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік. Не! У нас жа люты, сакавік — два месяцы застаецца толькі да саміх выбараў! А на выбарчую кампанію даецца тры месяцы. Тэарэтычна нават гэта немагчыма: мы не ўкладаемся ў тэрміны стварэння выбарчых камісій, якія вызначаныя Выбарчым кодэксам. І, па сутнасці, гэта інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці”.
 
                                      Мікалай Лазавік
 
Магчыма, і так. Але мы памятаем, як прызначаліся і праводзіліся прэзідэнцкія выбары 2006 года. Нагадаю: 15 снежня 2005 года Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з Уладзімірам Пуціным у Сочы, і ўжо 16 снежня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў тэрмінова збіраюць на пазачарговае пасяджэнне. Прымаецца рашэнне аб правядзенні выбараў 19 сакавіка 2006 года. І пачынаецца выбарчая “Формула-1”: да 23 снежня падаць у ЦВК спісы сяброў ініцыятыўных груп кандыдатаў, на збор подпісаў далі месяц — з 29 снежня 2005 года па 27 студзеня 2006. 17 лютага рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, агітацыйная кампанія цягнулася ўсяго месяц. Разам — тры месяцы. Таму калі, да прыкладу, дату выбараў дэпутаты зацвердзяць 15 студзеня, то не 5, а якога 15-17 красавіка цалкам магчыма правесці.
 
 
Цікава, што ні на адным з расійскіх СМІ, ад імя якіх прыходзілі лісты Аляксандру Фядуту, няма гэтай інфармацыі, атрыманай  “з надзейных крыніц”, пра адмову Аляксандру Лукашэнкі браць удзел у выбарах 2015 года.
 
Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі