Ці скасуюць у будучыні ўсе 28 мапаў, калі зараз іх падпісваў “нелегітымны”?

Ці скасуюць у будучыні ўсе 28 мапаў, калі зараз іх падпісваў “нелегітымны”?

4 лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў шэраг інтэграцыйных праграм, поўны змест якіх пакуль што не быў прадстаўлены грамадскасці.

Ёсць устойлівае меркаванне, што ўсе дакументы, якія ён ухваляе, не маюць моцы — маўляў, Лукашэнка ўжо даўно нелегітымны кіраўнік. Але ж дакументы былі падпісаныя ім не ў якасці “нелегітымнага прэзідэнта”, а ў якасці старшыні Вышэйшай дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Таму ці не можа здарыцца так, што нават пасля сыходу Лукашэнкі ўсе дамовы паміж Беларуссю і Расіяй могуць застацца — фармальна ж нічога не парушана?

— Хто з’яўляецца ўдзельнікамі гэтага дзяржсавета? Гэта шэсць асобаў, якія павінны займаць шэсць пэўных пасадаў, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё адказны за знешнюю палітыку і гандаль НАУ Анатоль Котаў. — Гэта прэм’ер-міністры і кіраўнікі дзяржаваў. Калі Лукашэнка не з’яўляецца кіраўніком Беларусі, то ён не можа ўваходзіць у склад гэтага Вышэйшага савета. Калі ён нелегітымны прэзідэнт, то ён нелегітымны старшыня Вышэйшай рады Саюзнай дзяржавы. Можна сцвярджаць, што калі Лукашэнка не з’яўляецца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, то ён не меў права падпісваць гэтыя дакументы і ўвогуле не з’яўляецца сябрам гэтай структуры.

Як да выканання гэтых праграмаў будуць ставіцца беларускія чыноўнікі? Ці будуць яны іх выконваць?

— Справаздачнасць і выкананне будуць залежаць ад таго, які загад аддасць Аляксандр Лукашэнка. Калі ён дасць даручэнне, то гэта будзе выконвацца. Але калі не дасць, то вось нейкага непасрэднага ўздзеяння на беларускае чынавенства няма, — лічыць Анатоль Котаў. — Магчыма, спачатку будзе нейкая бурная імітацыя дзейнасці. Таму што галоўная мэта саміту 4 лістапада не дасягнута, грошай няма. Ёсць толькі зніжка на газ — вельмі сэнсоўная, але гэта не жывыя грошы. Каб іх атрымаць, трэба будзе прадэманстраваць нейкую лаяльнасць падпісаным дакументам. Мы пабачым нарады, узгадненні, але гэта ўсё будзе залежаць толькі ад настрою Аляксандра Лукашэнкі.

А беларускія чыноўнікі ўвогуле разумеюць, што адбываецца навокал і якія будуць наступствы ад “шчыльнай інтэграцыі”?

— Калі адносіцца да папераў, якія былі падпісаныя 4 лістапада, у тым сэнсе, што яны маюць прасунуць нейкую эканамічную інтэграцыю, ад якой Беларусь можа выйграць, то, на маю думку, большасць чыноўнікаў насамрэч уяўляюць, што яны робяць нейкую слушную справу. Маўляў, гэта ж прынясенне карысці, тая ж самая зніжка на газ. А пра незалежнасць — ну нібыта палітычных картаў няма. Тое, што яны могуць з’явіцца ў любы момант, — “гэта мяне не датычыцца”.

“І дэ-факта, і дэ-юрэ Крым даўно быў прызнаны расійскім беларускім бокам”. З такой заявай у эфіры “Соловьев Live” выступіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Андрэй Савіных. Што гэта — выпадковая агаворка чыноўніка, “доўгі язык” ці што іншае?

Ці скасуюць у будучыні ўсе 28 мапаў, калі зараз іх падпісваў “нелегітымны”?
Андрэй Савіных / Еўрарадыё

— Прэс-сакратар Пуціна Пяскоў сказаў, што тое, што сказаў Салаўёву Савіных, не мае ніякага значэння, бо знешнюю палітыку краіны, як і ў Расіі, вызначае кіраўнік дзяржавы, то-бок меўся на ўвазе Лукашэнка, — кажа Анатоль Котаў. — Вось калі Лукашэнка гэта скажа, то да гэтага паставімся сур’ёзна.

Учора формула аб тым, як павіншаваць [Пуціна. — Еўрарадыё], была вельмі вялікай праблемай для Лукашэнкі увесь час саміту. І таму я думаю, што Пуцін таксама невыпадкова абраў месца, з якога ён будзе размаўляць анлайн, каб зрабіць некамфортную атмасферу, калі будзе цяжка выкараскацца з таго, каб не прызнаць Крым.

А канферэнцыя ў Вене, на якой мусяць быць прадстаўнікі супрацьлеглых палітычных бакоў з Беларусі — гэта “крокі да пачатку дыялогу” ці чарговая фармальная сустрэча?

— Я не супраць канферэнцыі як мерапрыемства, але трэба мець на ўвазе, што такія мерапрыемствы ладзяцца ў пэўным фармаце: альбо гэта нейкая экспертная дыскусія, альбо дыскусія на палітычным узроўні. І зараз амаль відавочна, што беларускі бок, які запрасілі туды — Макея запрашалі напрыклад — паставіўся гідка гэтага мерапрыемства. Таму фармат трэба апрацаваць з улікам той інфармацыі аб удзельніках ад розных бакоў, каб на гэтым больш знайсці, чым страціць, — лічыць Анатоль Котаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі