Чым беларускія палітыкі збіраюцца займацца ў Еўранэсце?

Хаця афіцыйна рашэнне Еўрапарламент аб складзе беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце яшчэ не абвяшчаў, старшыня Дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч і намеснік старшыні Дэлегацыі ў Еўранэст Яцэк Сарыуш-Вольскі паведамілі СМІ, што рашэнне прынятае і зменена яно не будзе. Гэта значыць, ад Беларусі ў Еўранэсце будуць удзельнічаць 10 назіральнікаў ад апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
Яны будуць прадстаўляць Аб'яднаную грамадзянскую партыю, партыю БНФ, партыю левых "Справядлівы свет", Рух "За свабоду", Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду, Беларускую асацыяцыю журналістаў і шэраг іншых арганізацый.
Для старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі Еўранэст — важная арганізацыя, што можа забяспечыць прысутнасць Беларусі навідавоку ў Еўропы. Пляцоўка для камунікацый, агучванне сітуацыі па нашай краіне, двухбаковае ўзаемадзеянне з Еўрапейскім і іншымі парламентамі — само сабой, кажа палітык. А задача для беларускай дэлегацыі — выпрацоўка рэкамендацый на стол адказным асобам: Прэзідэнту Еўрапарламента, міністрам замежных спраў краін ЕС і іншым чыноўнікам. Калі ж Еўранэст будзе проста пляцоўкай для камунікацый, то Аб'яднаная грамадзянскай партыя панізіць сваё прадстаўніцтва.
Анатоль Лябедзька: "Я не хацеў бы ўдзельнічаць у праекце палітычнага турызму. Калі толькі будзе пляцоўка для абмену інфармацыяй нейкай, дыскусій, то які сэнс ездзіць мне? Тады ад партыі будзе ездзіць нейкі іншы чалавек, які будзе падрыхтаваны да гэтай місіі".
Каб гэтага не адбылося, прадстаўнікам ад Беларусі трэба выпрацаваць бачанне Еўранэста, узгадніць сваю пазіцыю перадусім з прадстаўнікамі парламентаў Украіны, Грузіі і Малдовы і правесці перамовы з еўрадэпутатамі, лічыць Анатоль Лябедзька.
Паводле старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслава Шушкевіча, дэмакратычныя сілы і без Еўранэста здолелі данесці да Еўропы, што гульні з Лукашэнкам у дэмакратызацыю весці не варта. Але з трыбуны Еўранэста даносіць свае меркаванні будзе куды зручней.
Станіслаў Шушкевіч: "Сродкаў камунікацыі няма такіх надзейных. А тут я бачу ― яны з'явяцца, і сітуацыя палепшыцца, значна палепшыцца".
Апрача таго, апазіцыйныя партыі змогуць абмяркоўваць беларускія праблемы і выпрацоўваць агульны падыход "без праслухоўвання дрэннымі сіламі", адзначае Станіслаў Шушкевіч.
Аляксей Янукевіч, старшыня Партыі БНФ, бачыць у Еўранэсце як мінімум магчымасць мець інфармацыю, як максімум — уплываць на супрацоўніцтва ЕС і беларускіх уладаў.
Аляксей Янукевіч: "Гэта дазволіць зрабіць такое супрацоўніцтва больш празрыстым і забяспечыць, каб яно было максімальна на карысць беларускаму народу і беларускім нацыянальным інтарэсам, а не на карысць нейкім беларускім чыноўнікам ці чыноўнікам Еўрапейскай камісіі".
Прадстаўнікі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, запрошаныя ў Еўранэст, механізмаў уплыву на працэсы супрацоўніцтва мець не будуць, лічыць дэпутат Сяргей Маскевіч, старшыня пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД.
Сяргей Маскевіч: "Яны пры ўсім іх жаданні могуць толькі адстойваць інтарэсы сваіх партый, рухаў. Яны будуць купацца, маючы задавальненне, што на роўных удзельнічаюць у нейкіх там працэсах. Але рэальны іх уплыў у рэспубліцы хутчэй будзе зводзіцца да негатыўных наступстваў, чым да станоўчых. Таму яны будуць вырашаць свае партыйныя інтарэсы, папулярызаваць свае партыі і грамадскія арганізацыі, павышаць іх імідж, займацца сваімі пытаннямі за чужыя грошы".
Уключэннем прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Еўранэст разбураецца дух Усходняга партнёрства і атмасфера даверу, на якую ініцыятыва ЕС мусіць натхняць. Рашэнне не запрашаць дэпутатаў у Асамблею няўхільна адаб'ецца на настроях і саміх беларусаў, і дэпутатаў, і прадстаўнікоў ураду, мяркуе Сяргей Маскевіч
Сяргей Маскевіч: "Ніякіх спецыяльных дэмаршаў хутчэй за ўсё ніхто рабіць не будзе, але на псіхалогіі адаб'ецца — гэта факт. Бо ўсе разлічвалі на роўнае партнёрства. Калі ж чаканні не апраўдваюцца, то хочаш не хочаш, а настрой мяняецца, і даверу былога ўжо не будзе. Гэта элементарныя рэчы — пытанне псіхалогіі. Вось столькі пра гэта казалі, а тут глядзі што... Гэта можа мець вялікія наступствы ў настроях грамадства".
Нагадаем, устаноўчы з'езд Еўранэста, першапачаткова запланаваны на 24 сакавіка, перанесены на наступны месяц. Гэтая міжпарламенцкая асамблея будзе наглядаць за праектамі ў межах Усходняга партнёрства, двухбаковым супрацоўніцтвам Беларусі і ЕС і шматбаковым супрацоўніцтвам ўсходнееўрапескіх краін. У склад Еўранэста ўвойдуць 60 дэпутатаў Еўрапарламента, па 10 дэпутатаў нацыянальных парламентаў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны, а таксама 10 прадстаўнікоў беларускіх апазіцыйных партый і грамадзянскіх арганізацый са статусам назіральнікаў.
Глядзі таксама:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі