Вы тут

Член Савета Рэспублікі — аб разгонах: трэба было прыняць больш жорсткія меры

Віктар Лісковіч / grodnonews.by

Да ўдзельнікаў пратэстаў, магчыма трэба было ўжываць больш жорсткія меры. Такое меркаванне выказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч на адзіным дні інфармавання 18 верасня ў Гродне. Запіс сустрэчы трапіў у рэдакцыю Hrodna.life.

Як перадаюць журналісты, 15 хвілін Лісковіч гаварыў пра "комплексныя тэхналогіі" (з дапамогай іх, маўляў, людзей прымусілі выйсці на вуліцу), каляровыя рэвалюцыі і Telegram-канал Nexta. 

Па яго словах, падчас выбарчай кампаніі ён назіраў, як паводзіць сябе "дэструктыўная частка насельніцтва". "Арганізатары атрымлівалі за гэта ўзнагароджанне. Мінімум, які даваўся — вада, кветкі, прысмакі", — пералічыў член Савета Рэспублікі.

У дзень выбараў, як заявіў Лісковіч, былі знарок утвораныя чэргі на ўчастках. І тады ўлады вырашылі працягнуць працу гэтых участкаў: "Пасля гэтага я паўторна выязджаў — не толькі я адзін — на шэраг участкаў. І што я ўбачыў: на працягу 20−30 хвілін зніклі чэргі. Яны не сталі нават чакаць выканаць свой грамадзянскі абавязак"

Пасля гэтага, па словах Лісковіча, гэтыя ж людзі сталі выконваць іншую задачу. "Яны сталі фармавацца ў арганізаваную калону і маршам ісці да стэлы для таго, каб выклікаць беспарадкі. І там я быў. Я перакананы, што калі б мы не прынялі тады цвёрдых мер, было б нашмат складаней. Мала таго, можа быць, трэба было прыняць яшчэ больш жорсткія меры — гэта маё асабістае меркаванне. Адзін раз прыняў — будзе лягчэй. Але я магу і памыляцца, я вас не заклікаю так думаць", — дадаў ён.

Гаворачы пра акцыі пратэсту, Лісковіч заявіў, што супраць дэманстарантаў выступаў не АМАП, а ўнутраныя войскі. "Горача было, яны былі ў поўнай баявой амуніцыі. Не так усё проста. Яны нас з вамі абаранялі, разумееце?" — патлумачыў член Савета Рэспублікі.

Па яго словах, у Мінску на акцыі пратэсту ніколі не выходзіла больш за 40 тысяч чалавек за раз. А страйкамы на прадпрыемствах стварылі, нібыта, яшчэ да выбараў, каб потым дэстабілізаваць абстаноўку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.