Чавусаў: Пакуль "адзінага спікера ад апазіцыі" не атрымалася

Еўрарадыё паразмаўляла з палітолагам Юрыем Чавусавым пра перспектыву з'яўлення ў Беларусі адзінага апазіцыйнага лідара.

Еўрарадыё: Беларуская апазіцыя пакуль не змагла пераадолець крызіс, заявіў лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, выступаючы 21 ліпеня на ўстаноўчым сходзе мінскай гарадской арганізацыі руху. На яго думку, апазіцыя знаходзіцца ў крызісе з 2007 года, калі не змагла дамовіцца аб абранні адзінага лідара. "Адсутнасць відавочнага легітымнага лідара — відавочная слабасць апазіцыі", — лічыць палітык. Што маецца на ўвазе пад легітымным лідэрам апазіцыі?

Чавусаў: “У дадзеным выпадку Мілінкевіч меў на ўвазе адзінага лідара, які ў апазіцыі быў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года”.

Еўрарадыё: То бок, сябе?

Чавусаў: “То бок, сябе. Але той кангрэс АДС (Аб'яднаных дэмакратычных сілаў — Еўрарадыё) у 2007 годзе, якія адбыўся, ён засведчыў супярэчанні паміж рознымі групамі, адна з якіх валодала легітымным лідарам, Мілінкевічам, а другая валодала структурным рэсурсам, я маю на ўвазе структураваныя палітычныя партыі, якія Мілінкевіча адзіным лідарам і зрабілі. Тут Мілінкевіч палову віны можа ўскласці і на сябе, бо не так важна, што тады на кангрэсе вырашылі часова адмовіцца ад старшынства. Лідарства ж не вызначаецца фармальнымі працэдурамі. Тут віна пароўну палягае і на самім Мілінкевічы, і на кіраўніках палітычных партыяў”.

Еўрарадыё: У гэтай заяве можа быць падтэкст, каб зноўку выбраць Мілінкевіча "адзіным лідарам", ці не?

Чавусаў: “Мы павінны проста прыгадаць 2010 год, дзе практычна пераважная большасць апазіцыйных кандыдатаў разглядалі прэзідэнцкія выбары як шанец зноў стаць "говорящей головой" ад імя апазіцыі. Чалавекам, які будзе казаць замежным назіральнікам, у першую чаргу, праўду пра Беларусь. Такім мог бы стаць і Мілінкевіч, калі б вылучыўся,  такім бы маглі стаць і Саннікаў або Някляеў, але, у звязку з такой вялікай колькасцю гэтых прэтэндэнтаў, "адзінага спікера ад апазіцыі" не атрымалася”.

Еўрарадыё: Але пасля прэзідэнцкіх выбараў, калі большасць прэтэндэнтаў былі за кратамі, Мілінкевіч спрабаваў выступаць ад імя апазіцыі.

Чавусаў: “Спрабаваў выступаць. Тут трэба адрозніць прэтэнзіі ад рэальнага прызнання статуса "спікера ад апазіцыі". Зараз такой асобы няма”.

Еўрарадыё: Адсутнасць адзінага лідэра сапраўды кепска ўплывае на ўспрыняццё беларускай апазіцыі?

Чавусаў: “Тут накладаецца некалькі прычынаў. Але асноўнае, на маю думку, гэта, па-першае, неразвітасць палітычнай беларускай сістэмы, дзе грамадства не гатовае ўспрымаць палітычную пазіцыю, агучаную нейкай структурай, партыяй ці рухам, яно хоча бачыць асобу. Тут таксама накладаецца важная прычына — жаданне заходніх партнёраў не паглыбляцца ў беларускія праблемы, а мець асноўнага, адзінага эксперта, які будзе казаць, напрыклад, "фінансуйце такія і такія арганізацыі ці не фінансуйце", "вядзіце дыялог з рэжымам так і так". Гэта нават кепска, бо спрыяе павярхоўнаму погляду на краіну і спрыяе таму, што няма стратэгічнага бачання палітыкі заходніх дзяржаваў у дачыненні да Беларусі”.

Еўрарадыё: Сёння магчымы выбар адзінага лідара ці паўстанне гэтага лідара?

Чавусаў: “Без выбараў, не. Адзіны кандыдат, які пасля становіцца адзіным лідарам — гэта фігура, якая з’яўляецца ў пэўных абставінах. У Беларусі такімі абставінамі, пры наяўнасці легальных палітычных партыяў, могуць быць толькі выбары. Без выбараў шансаў на гэта вельмі мала. Зараз у апазіцыі ёсць жаданне дасягнуць адзінства, але гэта хутчэй не адзінства ў працы, а адзінства ў падзяленні адказнасці.

Глабальна ў беларускай апазіцыі было ўсяго толькі два вялікіх маштабных стратэгічных праекты. Першы, якія паўстаў з Вярхоўнага Савета 12-13 скліканняў — гэта праект легітымізацыі існага ў Беларусі дыктатарскага рэжыму праз непрызнанне на Захадзе. Другі праект — гэта "праект Плошча". Што зараз можа прыйсці на змену гэтым двум звышстратэгіям, пакуль не бачна. Пакуль не бачна, навошта абіраць адзінага лідара, навошта ствараць адзінага лідэра. Калі гэта будзе бачна, адзіны лідар з’явіцца”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі