Чатыры супрацоўнікі крамы Symbal.by правялі ноч у ізалятары на Акрэсціна

Затрыманыя Ксенія Міклашэўская, Вольга Ігнатовіч, Анастасія Трафімчык, Мікіта Броўка / з архіву Паўла Белавуса
Затрыманыя Ксенія Міклашэўская, Вольга Ігнатовіч, Анастасія Трафімчык, Мікіта Броўка / з архіву Паўла Белавуса

30 студзеня сілавікі затрымалі чатырох супрацоўнікаў крамы Symbal.by — Ксенію Міклашэўскую, Вольгу Ігнатовіч, Насту Трафімчык, Мікіту Броўку. Іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве і адправілі ў ізалятар на Акрэсціна (арт. 17.1).

Затрыманні адбыліся ў выніку прыходу ў памяшканне на Машэрава, 18 фінансавай міліцыі. Пасля сямі гадзін вопісу маёмасці АБЭЗ забраў з сабой усю тэхніку і тавар, пра гэта паведаміў уладальнік @symbalby Павел Белавус.

Раней на Машэрава, 18 працавала крама, якая прадавала розныя тавары і сувеніры з нацыянальнай сімволікай. Улетку пад ціскам уладаў крама зачынілася. У дзень закрыцця каля яе з'явілася чарга, якую прыехаў разганяць АМАП. Пасля гэтага крама працавала у анлайн-фармаце.

Падобна на тое, што ўлады вырашылі зачыніць усе крамы, якія гандлявалі таварамі ў нацыянальных колерах. 29 студзеня АМАП прыйшоў у краму "Адметнасць" у Гродне — яе ўладальніка Сяргея Верамеенку затрымалі. Таксама ў Мінску зачынілася крама "Мой родны кут": яе гаспадар Валерый Есіпёнак затрыманы ў судзе, дзе разглядалася справа яго жонкі Алены, затрыманай напярэдадні на працоўным месцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі