Вы тут

Чатыры гісторыі жанчын, якія не пабаяліся выйсці з пратэстам у цэнтр Мінска

На фота: У першым шэрагу злева направа Любоў Санкевіч, Тамара Сяргей, Валянціна Каваленка, Тамара Федаровіч. У другім шэрагу — Тамара Грыневіч з маці.

16 жніўня на плошчы Свабоды ў цэнтры Мінска шэсць жанчын ладзяць пікет супраць беззаконня ў беларускіх судах. Яны трымаюць транспарант з надпісам “Старшыню Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Сукалу — у адстаўку!”. Па словах удзельніцы пікета, юрысткі Тамары Сяргей, яны падавалі заяўку ў Мінгарвыканкам на дазвол акцыі, але адказу так і не атрымалі. 16 жніўня прадстаўніцы грамадзянскай ініцыятывы “Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры” выбралі для акцыі невыпадкова, бо менавіта ў гэты дзень старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукала споўнілася 75 гадоў, а ў студзені — 20 гадоў яго знаходжання на пасадзе.

“Мы лічым, што кіраўнік краіны не зацікаўлены ў тым, каб у судах рабілася такое беззаконне па звычайных справах, якія абсалютна не звязаныя ні з уладай, ні з палітыкай, — гаворыць Тамара Сяргей. — А Валянцін Сукала мае права і абавязаны выпраўляць памылкі, а часам і злачынствы, якія робяць суддзі. Але чамусьці ён гэтага не робіць”.

Грамадзянская ініцыятыва “Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры” перакананая, што ў стварэнні наяўнай судовай сістэмы, вінаваты менавіта спадар Сукала. Менавіта старшыня Вярхоўнага суда прапаноўвае кандыдатуры суддзяў Аляксандру Лукашэнку.

Прадстаўніцы грамадзянскай ініцыятывы не раз былі на прыёмах у розных высокіх чыноўнікаў, пісалі звароты, скаргі, але ўвесь час атрымліваюць адпіскі, адказы не па сутнасці.

Пікет працягваўся каля 30 хвілін, пасля чаго жанчыны занеслі ў Адміністрацыю прэзідэнта калектыўны зварот з патрабаваннем спыніць беззаконне ў судах і адправіць у адстаўку Валянціна Сукалу. Праўда, Тамара Сяргей перакананая, што гэты зварот Аляксандр Лукашэнка не ўбачыць:

“Нас прынялі, выслухалі, але так і не здолелі даць канкрэтны адказ на пытанне, якім чынам гэты зварот трапіць на стол Аляксандра Лукашэнкі, да якога мы і звяртаемся. Максімум што нам палічылі магчымым сказаць, — што ён будзе разгледжаны кіраўніком Галоўнага ўпраўлення па зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў Рыгорам Іванавічам Шлыкам. Ён і прыме рашэнне, ці перадаваць наш зварот далей”.

Між іншым, гэта ўжо 44-ы зварот грамадзянскай ініцыятывы “Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры” да кіраўніка краіны. І толькі адзін раз, лічаць жанчыны, іх пачуў Аляксандр Лукашэнка.

“У снежні 2010 года, напярэдадні чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, мы таксама выйшлі на плошчу Свабоды і пікетавалі, — згадвае Тамара Сяргей. — Пасля чаго некалькі гадзінаў спрабавалі прарвацца ў Палац Рэспублікі, дзе мусіў адбыцца сход. Мы сустрэліся з Уладзімірам Макеем, які тады кіраваў Адміністрацыяй прэзідэнта, дамовіліся пра сустрэчу, і ён сапраўды нас прыняў праз некалькі дзён, і мы звярнуліся з просьбай стварыць групу па вывучэнні праблемы “адпісак”. А ў сваім заключным слове на Усебеларускім сходзе Аляксандр Лукашэнка казаў пра наш пікет і даваў указанні і старшыні адміністрацыі, і генеральнаму пракурору разгледзець нашы справы”.

Тады пасля некалькіх пераглядаў судовых спраў было выпушчана з калоній дзесяць чалавек, шэсць з якіх былі нават рэабілітаваныя.

Валянціна Міхайлаўна Каваленка

Яе адзіны сын Ігар быў асуджаны на 18 гадоў па частцы 2 артыкула 139 Крымінальнага кодэкса за забойства. Генеральная пракуратура Беларусі вынесла пратэст па гэтай справе, але яна так і не была перагледжаная, а пратэст быў адхілены прэзідыумам Вярхоўнага суда. Юрыст Тамара Сяргей перакананая, што справа сфальсіфікаваная. Ускосна на гэта паказвае тое, што бацьку Ігара Аляксандра, які паспрабаваў бараніць сына, у 2007 годзе асудзілі за распаўсюджванне наркотыкаў. Ён правёў у калоніі больш за 3 гады, пасля чаго быў рэабілітаваны.

“У выніку яму вынеслі апраўдальны прысуд, бо справа была сфальсіфікаваная тымі ж людзьмі, якія яму пагражалі, — гаворыць Тамара Сяргей. — Яго папярэджвалі, каб ён спыніўся і не ўздымаў справу свайго сына. Тым не менш Ігар дагэтуль знаходзіцца ў калоніі — ужо 13 гадоў. Цяпер ён падыходзіць па ўсіх крытэрах і мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, але яго не адпускаюць, і я лічу, што гэта таксама своеасаблівая помста”.

Любоў Міхайлаўна Санкевіч

У 2001 годзе яе звольнілі з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, дзе яна працавала бухгалтарам. Яна на заводзе падлічвала сабекошт прадукцыі і заўважыла, што ў гэты сабекошт уключаюцца параметры, якія не мусяць уключацца. То бок неабгрунтавана завышаецца сабекошт прадукцыі. Калі яна пайшла з гэтай праблемай да кіраўніцтва, а пасля і далей, яе звольнілі па артыкуле. Пры тым, што да гэтай сітуацыі ў яе на заводзе былі выключна падзякі. Яна прайшла ўсе стадыі судовай і пракурорскай абароны. Нягледзячы на тое, што пракуратура вынесла тры пратэсты, у тым ліку два пратэсты Генеральнай пракуратуры. Але суд іх адхіліў.

Цяпер Любоў Міхайлаўна на пенсіі, але працягвае адстойваць свае правы і хоча прыбраць артыкул з працоўнай кніжкі. Праз яе актыўнасць ёй дадаліся чатыры адміністрацыйныя пратаколы. Напрыклад, адзін са штрафаў ёй прысудзілі за актыўны ўдзел у мітынгу 25 сакавіка на плошчы Незалежнасці ў Мінску, але ў гэты дзень там не праходзіла ніякіх акцый.

Тамара Мікалаеўна Федаровіч

Яе адзіны сын адбывае пакаранне па частцы 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса “Незаконны абарот наркатычных сродкаў”. Яму прысудзілі 9 гадоў, а знаходзіцца ён у калоніі ўжо больш за 6 гадоў. Ён не прызнаў сваю віну, нават не падпісаў пагадненне пра законапаслухмяныя паводзіны, адпаведна не мае права на датэрміновае вызваленне. За гэтыя гады ён падаў больш за 30 наглядных скаргаў. Каб аплачваць гэтыя скаргі, Тамара Мікалаеўна, якой цяпер 78 гадоў, мусіць збіраць бутэлькі і здаваць. Але гэтыя скаргі застаюцца без фактычнага адказу, на іх прыходзяць “адпіскі”.

Тамара Сяргей перакананая, што ніводнага доказу таго, што ён збіраўся распаўсюджваць наркотыкі, няма. Сын Тамары Мікалаеўны — наркаман, больш за 20 гадоў ён стаіць на ўліку ў наркалагічным дыспансеры. Восенню ён назапасіў 1,5 кілаграма макавай саломкі для ўласнага ўжывання.

“Згодна з пастанаўленнем пленуму Вярхоўнага суда па гэтым пытанні, указана, што такі вялікі аб’ём макавай саломкі можа сведчыць пра намер чалавека распаўсюджваць наркотык, — гаворыць юрыст. — То бок там стаіць здагадка “можа сведчыць”. Грунтуючыся на гэтай здагадцы, яго асудзілі на 9 гадоў”.

Тамара Уладзіміраўна Грыневіч

Стала інвалідам пасля дарожна-транспартнага здарэння. Падпалкоўнік запасу збіў яе на нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Дактары сказалі, што яна цудам засталася жывая. Але некалькі гадоў адвакаты не маглі дабіцца нават завядзення крымінальнай справы супраць гэтага падпалкоўніка. Да аварыі Тамара Уладзіміраўна працавала на Мінскводаканале, цяпер яна губляе зрок і ёй складана перасоўвацца без падтрымкі (на акцыю яна прыйшла ў суправаджэнні маці). Два гады таму ёй прысудзілі кампенсацыю ў 1500 дэнамінаваных рублёў, на якія проста немагчыма вырашыць нават пытанне пагаршэння здароўя.