Чатырох маладзечанцаў будуць судзіць за акцыю пратэсту 9 жніўня 2020 года

Чатырох маладзечанцаў будуць судзіць за акцыю пратэсту 9 жніўня 2020 года

Пракуратура Мінскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу на чатырох маладзечанцаў. Іх вінавацяць у арганізацыі і актыўным удзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Усім абвінавачаным ад 22 да 30 гадоў. 

Як паведамляе прэс-служба пракуратуры, гаворка ідзе пра акцыю пратэсту 9 жніўня 2020 года. Тады па ўсёй Беларусі прайшлі акцыі пратэсту супраць несумленных прэзідэнцкіх выбараў.

22-гадовая А. накінула на плечы бел-чырвона-белы сцяг і з сваім 30-гадовым знаёмым Н. ішла па вуліцы Прытыцкага ў бок Цэнтральнай плошчы. Яны заклікалі мінакоў далучацца. Да іх далучыліся 23-гадовы Б. і 24-гадовы К., усе разам потым удзельнічалі ў мітынгу і стаялі ў счэпцы.

"Дэманстравалі навакольным палатно бел-чырвона-белай расфарбоўкі, пляскалі ў ладкі, гучна выкрыквалі лозунгі, крычалкі, а таксама іншыя фразы, у тым ліку на адрас супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС", — пералічваюць у пракуратуры.

Падчас папярэдняга расследавання абвінавачаныя прызналі сваю віну. Усе яны знаходзяцца пад вартай. Ім пагражае да чатырох гадоў зняволення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі