Вы тут

Чарговы напад на міліцыянераў трапіў на відэа: на гэты раз у Беразіно

Напады на міліцыянераў адбываюцца ў розных рэгіёнах краіны / pixabay.com

Чарговы напад на міліцыянераў трапіў на відэа: на гэты раз у Беразіно (Мінская вобласць). Як паведамляе прэс-служба МУС, 48-гадовы мужчына, якога 28 чэрвеня прывезлі з вёскі ў РАУС для разбіральніцтва, ударыў праваахоўнікаў у твар. У аднаго з міліцыянераў ёсць пашкоджанні. Крымінальныя справы распачалі і за крадзеж, і за гвалт у дачыненні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Вядома, што мужчыну затрымалі па падазрэнні ў крадзяжы газавага балона ў вёсцы Пагост. Калі прыехала міліцыя, вясковец проста на вуліцы распіваў спіртныя напоі. Цяпер ён у ізалятары часовага ўтрымання. МУС сцвярджае, што версія пра скрадзены балон пацвердзілася — мужчына прадаў яго аднавяскоўцу за 10 рублёў і купіў алкаголь. Раней ён ужо меў праблемы з законам, прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за забойства.

Напады на міліцыянераў апошнім часам адбываюцца часта і ў розных рэгіёнах. У чэрвені ў Слуцкім раёне афіцэр міліцыі атрымаў нажавое раненне. У Рэчыцы мужчына зламаў руку ДАІшніку. У Стоўбцах ураджэнец Грузіі напаў на ДАІшніка. У Гомелі мужчына адбіваў таварыша ў міліцыі і ўдарыў сілавіка нагой у галаву. А яшчэ была сутычка ў Маладзечне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.