Чаму Усебеларускі народны сход атрымаўся такі прарасійскі

Са шматвектарнасцю знешняй палітыкі ўсё зразумела
Са шматвектарнасцю знешняй палітыкі ўсё зразумела

На Усебеларускім народным сходзе пастаянна ўсплывала тэма адносін Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка "рэанімаваў" канстытуцыйную рэформу, якая лічыцца расійскім праектам і ад якой, здавалася, ён ужо адмовіўся. І нават абазначыў тэрміны: рэферэндум па Канстытуцыі плануецца ў пачатку 2022 года. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заклікаў замкнуць на Расіі 50% беларускага знешняга гандлю. Адказны за "дыялог з апазіцыяй" Юрый Васкрасенскі прапанаваў назваць плошчу ці праспект у Мінску ў гонар Расіі (у сацсетках адразу прапанавалі перайменаваць плошчу Незалежнасці). А на экране над сцэнай (побач з беларускім) на некаторы час з'явіўся расійскі сцяг.

Акрамя таго, дастаткова было традыцыйнай прарасійскай рыторыкі. "Асноўным эканамічным партнёрам і стратэгічным хаўруснікам была і будзе наша Расія", "Гэта наш народ, з якім мы жылі доўгія стагоддзі часам спінай да спіны, часам плячо ў плячо", — вось гэта ўсё.

І ўсё гэта — на фоне ўступнага слова, у якім Лукашэнка пастараўся прадставіць сваіх праціўнікаў максімальна антырасійскімі. Маўляў, яны хацелі вывесці Беларусь з інтэграцыйных аб'яднанняў, аднавіць кантроль на мяжы, абмежаваць вяшчанне расійскіх тэлеканалаў, замяніць РПЦ на аўтакефальную праваслаўную царкву, не дапусціць расійскія кампаніі да прыватызацыі, вынесці з тэрыторыі Беларусі расійскія ваенныя аб'екты і (які жах!) перавесці выхаваўчую работу ў войску выключна на беларускую мову. У праграме Святланы Ціханоўскай такога і блізка няма. Больш таго — прыхільнікі "старой" апазіцыі крытыкавалі яе за спробы ўступіць у дыялог з Уладзімірам Пуціным. Але, калі верыць Лукашэнку, усяго пералічанага вышэй не здарылася толькі таму, што ён утрымаў уладу ў сваіх руках.

Уладзімір Макей у сваім выступленні падкрэсліў, што Беларусь ужо не можа імкнуцца да нейтральнасці ("у сучасным глабалізаваным свеце нейтралітэту ў яго класічным разуменні не існуе"), але застаецца шматвектарнай краінай. Праўда, адзін вектар сур'ёзна пераважвае іншыя:

— Паняцце шматвектарнасці абсалютна не выключае перавагі нейкага вектара. У нас гэтыя прыярытэты выпакутаваныя жыццём. Расія заўсёды была, ёсць і будзе нашым стратэгічным партнёрам.

Почему Всебелорусское народное собрание получилось таким пророссийским
Уладзімір Макей

За некалькі гадзін да пачатку УНС выданне "Коммерсантъ" апублікавала тэкст пра будучую сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы. Там, па інфармацыі газеты, кіраўнік Беларусі збіраецца падняць пытанне пра чарговы расійскі крэдыт — гэтым разам на $3 млрд. Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў гэтыя чуткі не пацвердзіў, але і не абверг: маўляў, парадак дня мерапрыемства яшчэ фармуецца.

Ці можа відавочны прарасійскі вектар Усебеларускага народнага сходу быць звязаны з жаданнем атрымаць буйны крэдыт? Вядома, можа. Зрэшты, не абышлося і без лёгкай крытыкі ў бок Расіі. У прыватнасці, выказванне Лукашэнкі, якое найбольш зачапіла сацсеткі, — пра тое, што "мы тут, у Беларусі, будучы апорай нашай адзінай айчыны, будзем паміраць за сваю краіну — і за Расію ў тым ліку", якраз звязана з крытыкай расійскага падыходу да інтэграцыі з Беларуссю. "Я не прашу ні бясплатнага прыроднага газу, нафты або бясплатных фінансавых рэсурсаў. Нам трэба адно — роўныя ўмовы суб'ектаў гаспадарання. І тады..." — гэта традыцыйны момант у рыторыцы Лукашэнкі, аб які ў апошнія гады заўсёды разбіваюцца спробы Крамля зблізіцца і паглыбіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі