Чаму ў трох вёсках Піншчыны штогод адбываецца патоп?

У аўторак, 14 жніўня, тры вёскі Пінскага раёна Рудка, Мерчыцы і Вялесніца на некалькі гадзін апынуліся ў зоне лакальнага прыроднага катаклізма. За тры з паловай гадзіны, на працягу якіх вёскі апынуліся ва ўладзе навальніцы, на іх выліліся 82 адсоткі месячнай нормы ападкаў – 57 міліметраў. Прычым, гэта ўжо другая навальніца за апошнія два месяцы. Першая была на пачатку лета. Выхавацелька дзіцячага садка вёскі Мерчыцы Наталля Варанец скардзіцца, што гэтыя дажджы цалкам вынішчылі ўвесь ураджай на іх гародах.

Наталля Варанец: “Моцна пацярпелі. Асабліва тыя, хто ніжэй. Навальніца на пачатку лета амаль ўсё знішчыла. А гэта канчаткова пазбавіла нас ураджаю”.

Давялося, кажа выхавацелька садка, нават жыхароў асабліва падтопленых дамоў перавезці ў клуб. Па вуліцах плавалі на лодках. Ветрам парвала драты электрасувязі, і да абеда наступнага дня вёска засталася без святла. Моцна пацярпеў і дзіцячы садок, дзе працуе Наталля Варанец. Але, па яе словах, мясцовыя жыхары не ставяцца да мінулай навальніцы як да нечага анамальнага. Моцныя дажджы ў іх ідуць даволі часта.

Наталля Варанец: “У нас такія дажджы даволі часта адбываюцца. Таму ў нас з гэтым даўно змірыліся”.

Начальнік службы метэапрагнозаў Гідраметцэнтра Дзмітры Рабаў тлумачыць узнікненне анамальнай дажджлівай зоны ў Пінскім раёне наяўнасцю тут вялікай дамбы.

Дзмітры Рабаў: “У тым месцы, дзе стаіць гэтая дамба, і адбыўся лакальны выхад дажджу з кучавой вобачнасці”.

Між тым супрацоўнік Гідраметцэнтра сумняецца ў тым, што толькі вялікая колькасць дажджавых ападкаў стала прычынай затаплення трох вёсак. Хутчэй, кажа, былі нейкія непаладкі на самой дамбе з воднымі сцёкамі.

Дзмітры Рабаў: “Альбо ў іх там штосьці не спрацавала, альбо сцёкі не працавалі. Прынамсі, са свайго вопыту… 50 міліметраў ападкаў бывае толькі на Нямізе, калі сцёкі не працуюць”.

Што ж тычыцца павялічэння колькасці дажджоў на Беларусі ў апошнія гады, то сіноптык вінаваціць у гэтым працэс глабальнага пацяплення.

Дзмітры Рабаў: “З-за гэтага па поўдні нашай краіны пачала ўзнікаць новая кліматычная зона. На тарфяніках Піншчыны, на Гомельшчыне і Брэстчыне. Там, дзе больш цёплыя зімы і больш вільготнае лета. У выніку – павялічваецца колькасць ападкаў”.

Фота — www.treknature.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі