Чаму ў Беларусі забаронены фільм, чатыры разы намінаваны на “Оскар”?

У спісе забароненых для распаўсюду ў Беларусі фільмаў Еўрарадыё пабачыла стужку “Горад Бога”, чатыры разы намінаваную на “Оскар” – за лепшыя рэжысуру, сцэнар, мантаж і аператарскую працу. Ён фіналіст Канскага фестывалю, мае дзевяць узнагародаў на фестывалі ў Гаване, прыз Брытанскай кінаакадэміі, узнагароду “Лепшаму рэжысёру” на фестывалі ў Марока і шмат яшчэ самых розных прызоў.
У “чорным” спісе і “Вудсток-99” – запіс легендарнага рок-фестывалю. Чыноўнікі не памятаюць, па якіх прычынах гэтыя і іншыя фільмы яны забаранілі.

Сябра класіфікацыйнай камісіі Дзяржрэгістра Уладзімір Тамашэўскі кажа, што ў фільме “Горад Бога” праліваецца зашмат крыві. Сапраўды, у ім не менш за дзесяць забойстваў, і забіваюць дзеці. Але “Гораду Бога” не прысвоілі чатыры зоркі – абмежаванне па ўзросце да 18 гадоў, а забаранілі для распаўсюду.

Дзіўна, але чыноўнік не можа ўзгадаць, пра што “Горад Бога”. Не вельмі добра ён помніць і фільм “Гітлер. Узыходжанне д’ябла”. Але кажа, што ў ім прапагандуюцца ідэі нацызму. Еўрарадыё запыталася ва Уладзіміра Тамашэўскага, чаму тады не забараняюцца камедыі пра Гітлера, якія цяпер з’яўляюцца.

Уладзімір Тамашэўскі:
“Там, здаецца, была прапаганда нацызму і ўсё астатняе. Я не памятаю дакладна гэты фільм. Там усхваляўся нацызм, хутчэй за ўсё. А ў камедыі, якая была не вельмі даўно, нічога такога не было, там было гэта ўсё смешна пададзена”.
Вось што кажа беларускі кінакрытык Максім Жбанкоў пра фільм “Гітлер. Узыходжанне д’ябла”.

Максім Жбанкоў:
“Гэта дастаткова сур’ёзны брытанскі тэлефільм, які менш за ўсё можна было западозрыць у прапагандзе нацызму і г.д. У нас цяпер на экране з’яўляюцца камедыі пра Гітлера, і ніхто не разглядае іх у якасці прапаганды нацызму. Няма забароненых тэмаў, ёсць мастацкі ўзровень іх адлюстравання”.

Кожны фільм, які прывозіць гарадскі кінапракат, праглядае класіфікацыйная камісія. Гэта супрацоўнікі дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры і ідэолагі з Мінгарвыканкама. Максім Жбанкоў лічыць, што людзі “старой школы” не паспяваюць за зменамі ў кінамастацтве.

Максім Жбанкоў:
“Праблема ў тым, што для значнай часткі тых, хто прымае рашэнні, найбольш важнымі аказваюцца старамодныя ідэі і прынцыпы, якім, прынамсі, 20 гадоў. За гэты час змянілася мастацтва, за гэты час змяніліся людзі. Эксперты старой школы – дарэчы, вельмі адукаваныя людзі – усё роўна застаюцца ў палоне сваёй мінулай вывучкі. Гэта праблема ў цэлым любых спробаў кіравання культурай, якія існуюць у нас. Часцей за ўсё вырашальнымі аргументамі аказваюцца адміністратыўнае валявое рашэнне, асцярожнасць і залішняя педантычнасць у выпадку, калі эксперт сустракаецца з нязвыклым для яго тэкстам, і простае імкненне зачыніць усё, што не ўкладаецца ў тваю асабістую сістэму каштоўнасцяў”.

Фільмы, забароненыя для паказу, існуюць у любой краіне. Але гэта выключэнні, звязаныя з найбольш скандальныім выпадкамі. Часцей за ўсё, камісіі ўводзяць абмежаванні для прагляду па ўзросце. У Англіі, напрыклад, камісія выразае з фільмаў кадры, якія лічыць небяспечнымі. У нас жа ў спіс забароненых патрапілі 84 фільмы. Максім Жбанкоў лічыць, што гэты спіс можна было б скараціць утрая.

Максім Жбанкоў:
“Для мяне абсалютна відавочна, што трэць фільмаў, заяўленых у гэтым спісе, ні ў якім разе не можа быць названай небяспечнымі для грамадскай свядомасці. Увогуле смешна лічыць, што фільмы могуць радыкальна, раптоўна змяніць людзей. У рэшце, фільмы адлюстроўваюць у нас толькі тое, што ў нас ужо ёсць”.

Нягледзячы на забарону стужкі “Горад Бога”, беларусы гэты фільм глядзелі. Ён хутка з’явіўся на DVD і ў сетках.

Максім Жбанкоў:
“Забаранілі “Горад Бога” для пракату, і амаль адразу ён з’явіўся на DVD. Тая ж самая гісторыя была са скандальна знятым з пракату “Кодам да Вінчы”. Яго знялі з пракату, і ў гэты ж дзень у любых падземных пераходах можна было набыць пірацкія копіі гэтага фільма. Забароны, у выніку, – гэта імітацыя кіравання культурным працэсам, таму што ў нашай сітуацыі адкрытых інфармацыйных патокаў камандныя дырэктывы зверху аказваюцца неэфектыўнымі”.

У забаронены спіс патрапілі многія “страшылкі”. І іх аматары ўсё роўна паглядзелі на DVD. Кінакрытык называе гэтыя забароны дэкаратыўнымі ў дачыненні да культурнага працэсу.

Беларускі фільм “Акупацыя. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі забаронены ў нас для распаўсюду на любых носьбітах, але яго чамусьці ў спісе няма. Напэўна, таму, што гэты спіс не адзіны.

СПИСОК фильмов, запрещенных к распространению на территории Республики Беларусь

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі