Чаму беларускія гурты знаходзяць свайго слухача ў Расіі, а не на Радзіме?

Беларускія музыкі выступаюць хэдлайнерамі на буйных фестывалях, адкрываюць самыя вялікія клубы і нават “разаграваюць” публіку перад сусветнымі зоркамі… Беларуская музыка за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў неаднаразова заваёўвала расійскую сцэну. Распачалі гэтую тэндэнцыю яшчэ“Песняры” ў 70-я, потым быў “Ляпіс Трубяцкой” з “Капіталам”… Зараз жа расійская публіка фактычна з’яўляецца адзіным паўнавартасным спажыўцом беларускай альтэрнатыўнай сцэны.

Распачынаць тут трэба з найбуйнейшага расійскага фестывалю “Пустые Холмы”. Гэты open-air кожны год мянее сваё месца правядзення і перабіраецца з адной расійскай глыбінкі ў другую. Аднак, безумоўным застаецца для мерапрыемства адзін факт: на “Пустые Холмы” нязменна прыязджае па некалькі дзесяткаў тысяч слухачоў, да таго ж не толькі з Расіі. А да прадстаўнікоў беларускай музычнай сцэны, як сцвярджае Андрэй Жвірбліс, прэс-сакратар “Пустых Холмов”, арганізатары фестывалю ставяцца з вялікай павагай:
 
Жвірбліс: “У нас няма нейкага падзелу па нацыянальнасці: мы адбіраем гурты на фестываль за іх музыку, толькі за іх музыку! А ў Беларусі вельмі шмат годных людзей, якія робяць сапраўды якасную музыку.”


 
Сам фестываль праходзіць звычайна ў сярэдзіне лета, аднак перманентна арганізатары ладзяць міні-фэсты ў Маскве ды паблізу расійскай сталіцы. На адным з такіх фэстаў пад назвай “Пустые Холмы: Город Золотой”, які праходзіў у мінулыя і пазамінулыя выходныя, хэдлайнерамі былі не хто-небудзь. а беларускія “растаманы” “Адзіс Абеба” ды кабарэ-бэнд “Серябряная Свадьба”. Прычым, арганізатары сцвярджаюць, што на месцы хэдлайнераў беларусаў выбіраюць зусім не выпадкова:
 
Жвірбліс:“На “Пустых Холмах” існуе пэўнае кола людзей. Я нават не ведаю, як правільна называць іх. Сэнс у тым, што мы накіроўваем кожнаму з іх матэрыялы ад гуртоў, і яны выстаўляюць ім пэўныя адзнакі. Прычым, мы робім так, каб людзі адслухвалі менавіта тыя стылі музыкі, у якіх самі працуюць. Да таго ж, мы робім так, каб адзін гурт праслухала некалькі людзей: для таго, каб мінімізаваць пэўны суб’ектывізм у адзнаках. Так, напрыклад, на сёлетніх “Пустых Холмах” было каля 10 беларускіх гуртоў”.
 
Фактычна, калі такія “пасады” на буйным фестывалі займаюць беларускія гурты, самы час пачынаць гаварыць пра пэўны поспех нашых суайчыннікаў на расійскай сцэне. Аднак, тая ж Бенька, вакалістка, ды “твар” гурта “Серебряная Свадьба”, вельмі радуецца такім зрухам у разуменні сваёй творчасці. Таму што у Беларусі, на жаль, гурт пачаў збіраць поўныя залі толькі зусім нядаўна. Пасля гастроляў па Польшчы, шэрагу выступленняў у Нямеччыне ды удзелу ў французскіх тэатральных фестывалях:
 
Бенька: “Я, па шчырасці, не вельмі разумею ў дадзеным выпадку сэнс слова “поспех”… Асабіста я бачу вельмі добрую ды ўстойлівую ўвагу да нашай музыкі. Мне цяжкавата патлумачыць, з-за чаго гэта адбываецца, аднак, такі факт трэба прызнаваць”.


 
Сярод музыкаў айчыннага гурта “Адзіс Абеба” гэтаксама падзяляюць пазіцыю наконт увагі да беларускай альтэрнатыўнай сцэны з боку расійскіх суседзяў. Гітарыст Аляксандр Геліх, напрыклад, поўнасцю згодны з тым, што беларусы фактычна заваёўваюць зараз розумы расійскіх інтэлектуалаў. Музыка лічыць гэта сапраўдным поспехам:
 
Геліх: “ – Ды канешне падпісаўся б!

– Тады расказвай: чаму хэдлайнерамі на расійскіх музычных фестывалях выступаюць беларускія гурты?

– Бо заўжды ў самых цяжкіх умовах прарастаюць якія расліны? Самыя моцныя ды ўпартыя! Сітуацыя нагадвае канец 80-х гадоў, калі і камунізм з сацыялізмам існавалі, аднак, у той жа час і такія гурты былі, як “Кіно” ды “Машина времени”. Між іншым, узнікалі яны пад вялікім наглядам з боку сістэмы, калі нават яшчэ музыкаў у адмысловыя “лякарні” адпраўлялі. Тым не менш, пад гэтым ціскам і гурты файныя ўзнікалі, і субкультуры існавалі і гэтак далей”.


Дзіма Іваноў, гурт "Адзіс Абеба"
 
Асабіста ў мяне, напрыклад, складаецца ўражанне, што Расійскія меламаны папросту засумавалі па музыцы “з сутарэнняў”. Нават калі не заводзіць гутарку пра пэўную якасць ды насычанасць тэкстаў прадстаўнікоў беларускай альтэрнатыўнай сцэны, неяк немагчыма не заўважаць той факт, што беларусаў насамрэч чакаюць на расійскіх музычных пляцоўках. Глядзіце, ну ці не сапраўдны поспех, калі мінчукі з гурта “Касіяпея” выступаюць на “разагрэве” ў Ніка Кэйва? А такое сапраўды было летась у Санкт-Пецярбургу! Ці не поспех, калі на апошні SKIF (легендарны Міжнародны фестываль імя Сяргея Курохіна ў горадзе на Няве) клічуць выступаць на галоўнай сцэне тую ж “Касіяпею?” А ў Мінску, яшчэ паўгода таму, на сольным канцэрце гурта ў “Граффіці”, большасць слухачоў, якія заплацілі за квіток, былі сябрамі музыкаў ды ўладальнікаў клуба…


 
Працягваць гаварыць пра поспехі фактычна непатрэбных нашай краіне музыкаў можна яшчэ доўга: гурт CherryVata будзе сольным канцэртам адкрываць новы, найбуйнейшы на дадзены момант у Санкт-Пецярбурзе, клуб “Сцэна”; Герберт Маралес з Jah Division пераходзіць другім вакалістам у “Адзіс Абебу”, а спадар Вкусный з гурта “Каникулы Бонифация” прыедзе ў Маладзечна запісваць новую праграму для гурта “Botanic Project”. Ды і “Ляпісы”, якіх, безумоўна, чакаюць зараз, напэўна, у кожным рок-клубе ці буйным фестывалі ў Расіі.


 
Напрыканцы хачу дадаць, што на прасторах былога Савецкага Саюза гэткім аналагам “Грэмі” лічыцца прэмія Арцемія Троіцкага “Степной волк”. Дык вось, беларусы ў гэтым годзе былі прадстаўлены ў кожнай другой намінацыі. А “ўзялі” кожную трэцюю… Пры чым, галоўную ўзнагароду ў намінацыі ”Дзеяч года” атрымаў не Іосіф Прыгожын (муж і прадзюсер Валерыі), не Яна Рудкоўская (прадзюсер Дзімы Білана), а беларус Аляксандр Багданаў. Менавіта ён, дарэчы, прадзюсіруе і “Касіяпею” і “Серебряную Свадьбу”.
 
Адзіная выснова, якую бы мне хацелася яшчэ агучыць — гэта тое, што маладая беларуская альтэрнатыўная музыка зараз знаходзіцца на сапраўдным уздыме. Таму, дарагія мае суайчыннікі-музыкі! Працуйце, прыкладайце ўсе намаганні, і ўжо вельмі хутка музыку Made In Belarus будуць успрымаць не толькі ў Расіі і недзе далёка за мяжой, а і ў нас на Радзіме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі