Чалы: Заробак у 500 долараў магчымы, але для тых, хто застанецца працаваць

Чалы: Заробак у 500 долараў магчымы, але для тых, хто застанецца працаваць

14 лістапада Аляксандр Лукашэнка чарговы раз паабяцаў беларусам сярэдні заробак у 500 долараў. "Рыхтуйцеся набраць сярэдні заробак у $500 у наступным годзе... Я не кажу, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы наблізіліся да 500 долараў", ― сказаў Лукашэнка чыноўнікам падчас наведвання Магілёўскай вобласці.

Еўрарадыё папрасіла эканаміста Сяргея Чалага патлумачыць, чаму кіраўнік краіны ўчапіўся за суму ў 500 долараў і навошта ён пастаянна абяцае павысіць заробак беларусаў да гэтай лічбы.

"Па-першае, ён шмат разоў абяцаў, што мы гэтага сярэдняга заробку ўсё ж дасягнем. І калі не памыляюся, апошні раз такое абяцалася перадапошнімі прэзідэнцкімі выбарамі. Таму хутчэй за ўсё гэта не толькі для Лукашэнкі магічная лічба, але і для нас. Шырокая публіка яму аб гэтым нагадвае пастаянна. А па-другое, 500 долараў не дарэмна ўзгадваюцца. Іх нашмат больш проста згадаць, чым тысячу, якая абяцалася да 2015 года ў 2010-м", ― тлумачыць Сяргей Чалы.

Эксперт таксама звяртае ўвагу на тое, што ў абяцанні Лукашэнкі ёсць агаворка ― пры ўмове росту вытворчасці працы. Гэта робіць сярэдні заробак памерам 500 долараў у 2017 годзе рэальным. Асабліва для тых, хто яшчэ будзе мець працу.

"Пакуль ніякага асаблівага росту вытворчасці працы не назіраецца. Дакладней яна вядома можа расці, і нават дзе-нідзе расце, таму што ў нас вытворчасць працы лічыцца па прынцыпе дзялення выпуску прадукцыі прадпрыемствам на колькасць яго супрацоўнікаў. І адпаведна, чым менш супрацоўнікаў, тым вышэй вытворчасць працы. І гэтыя словы можна разумець як абяцанне росту заробкаў тады, калі эканоміка стане больш эфектыўнай. Пасля рэструктурызацыі, скарачэнняў. І вось у тых, хто застанецца з працай, цалкам магчыма і будзе сярэдні заробак 500 долараў", ― расказвае эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі