Чалы: Каб не нахабнічалі, пастаўкі нафтапрадуктаў Расія магла б не прыпыняць

Чалы: Каб не нахабнічалі, пастаўкі нафтапрадуктаў Расія магла б не прыпыняць

"Газпрам" працягнуў пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь насуперак просьбе віцэ-прэм'ера расійскага ўрада Аркадзя Дварковіча. Па дадзеных чыгуначных экспедытараў, "Прадпрыемства прамысловага чыгуначнага транспарту", якое ўваходзіць у "Газпрам", экспартавала ў лютым у Беларусь усяго 1,9 тысячы тон дыстыляту газавага кандэнсату (яго можа выкарыстоўвацца як дызельнае паліва і пры вытворчасці высокаактанавага бензіну – заўв. Еўрарадыё), а з пачатку сакавіка ўжо 8,5 тысяч тон. Для параўнання, у студзені 2016-га пастаўкі дыстыляту склалі 15 тысяч тон.

Зніжэнне экспарту ў лютым звязваюць з рэкамендацыямі Дварковіча "Газпраму" прыпыніць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь. Цяпер жа расійскі віцэ-прэм'ер даручыў Мінэнерга, Мінфіну і Федэральнай мытнай службе разабрацца ў прычынах іх рэзкага павелічэння.

“Стандартная гісторыя, і новага тут нічога няма, — каментуе прычыны забароны беларускі эканаміст Сяргей Чалы. — Бяспошлінныя пастаўкі ў Беларусь і далей з Беларусі мінімальных прадуктаў перапрацоўкі нафты, але дастатковых для таго, каб змяніліся коды таварнай наменклатуры эканамічнай дзейнасці”.

Справа ў тым, што пастаўкі нафтапрадуктаў ідуць з нафтабаз у Смаленскай вобласці Расіі альбо адразу з перапрацоўчых даччыных структур расійскіх нафтавых кампаній у нашай краіне. Паколькі Беларусь уваходзіць у адзіную эканамічную прастору з Расіяй і ў Мытны саюз, згаданыя пастаўкі не абкладаюцца мытнымі плацяжамі. А значыць, расійскія кампаніі выйграюць двойчы: па-першае, яны зменшылі падаткі, бо пастаўкі ў Беларусь не з'яўляюцца экспартам, а па-другое, атрымалі прыбытак (з пачатку 2016 года пастаўляць бензін на беларускі рынак больш выгадна, паколькі кошты на АЗС вышэйшыя за расійскія).

Сяргей параўноўвае гэтую сітуацыю з гісторыяй 2012 года, калі Беларусь абвінавачвалі ў тым, што пад выглядам растваральнікаў яна экспартуе на еўрапейскі рынак нафтапрадукты. Растваральнікі тады таксама не абкладаліся пошлінамі.

Чалы: Каб не нахабнічалі, пастаўкі нафтапрадуктаў Расія магла б не прыпыняць

“Тут важна не нахабнічаць. З тымі ж растваральнікамі пытанне пачало ўздымацца, калі іх экспарт пачаў перавышаць запатрабаванні сусветнага рынку. А жылі б без шматразовага росту, ніхто б і слова не сказаў. Тое ж самае і цяпер. Магчыма, расійскія ўлады і не адрэагавалі бы, бо я не выключаю, што іх зацікаўленасць таксама ўлічаная ў гэтай схеме. Але, калі пачынаюць з усіх бакоў тыкаць пальцам, то даводзіцца хмурыць бровы і пагражаць пальцам”.

Сяргей Чалы

Але абкласці пошлінай усе нафтапрадукты, на думку эканаміста — не выйсце з сітуацыі, бо далёка не ўсе з іх выкарыстоўваюцца для падобных схемаў. Таму, хутчэй за ўсё, цяпер проста пастаўкі нафтапрадуктаў прымусова прыпыняць на невялікі тэрмін, за які будуць унесеныя адпаведныя папраўкі ў заканадаўства.

“Сітуацыя адаб’ецца толькі на тых, хто атрымліваў з гэтай схемы грошы, — адказвае на пытанне, ці паўплывае як-небудзь на простых беларусаў забарона паставак дыстыляту Сяргей Чалы. — А звычайна гэтыя грошы атрымліваюць суб’екты малога прадпрымальніцтва, як у нас заведзена казаць, — то бок фірмы з невялікай колькасцю супрацоўнікаў. А ўлічваючы, што іх дзейнасць ліцэнзійная, ды нафтавая сфера заўсёды знаходзілася пад асаблівай увагай нашых уладаў, то там рука ў каго трэба. Таму роўна, як нічога бюджэт не атрымліваў з гэтых схемаў, і цяпер нічога ён не згубіць”.

Прадстаўнік "Газпрама" паведаміў РБК, што даччыныя прадпрыемствы кампаніі павялічылі пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь яшчэ ў 2015 годзе "ў сувязі са спрыяльнай кан'юнктурай". Аднаўленне паставак у сакавіку каментаваць ён адмовіўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі