Чацвёра расіян асуджаныя беларускім судом за арганізацыю незаконнай міграцыі

Набыў моц прысуд у дачыненні да чатырох расіянаў, асуджаных у Беларусі за арганізацыю незаконнай міграцыі. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт.  

Ураджэнцы Дагестана 12 лютага гэтага года даставілі 12 грамадзян В’етнама з Расіі на тэрыторыю Беларусі — у Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці. Затым двое расіян былі затрыманыя на месцы злачынства пры суправаджэнні нелегалаў на тэрыторыю Літвы. Яшчэ двое былі спыненыя ў выніку аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікамі праваахоўных органаў на тэрыторыі Беларусі.

Адзін з іх прызнаўся, што падзарабіць на незаконным бізнесе яму прапанаваў знаёмы. Расіянін, у сваю чаргу, прапанаваў “працу” сваім знаёмым суайчыннікам. Усе яны жылі ў Маскве, толькі адзін з іх быў працаўладкаваны.

Адзін з выхадцаў Дагестана ў аўтамабілі, у якім перавозіліся мігранты, хаваў 0,06 г амфетаміну.

Расіяне прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі канала незаконнай міграцыі і прыгавораныя да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Прысуд застаўся без змен і набыў моц 24 лістапада, інфармуе БелаПАН.

Фота: tut.by