Цэнтр Мінска перакрылі аўтазакі — ніхто не ведае, чаму
![Цэнтр Мінска перакрылі аўтазакі — ніхто не ведае, чаму](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/img_20181122_110449-01.jpeg.webp?itok=h_8X8Jd6)
Раніцай 22 лістапада цэнтр Мінска перакрылі аўтазакі і аўтамабілі ДАІ. Спецтэхніка выстаўленая на вуліцах Кірава, Свярдлова, Камсамольскай і іншых.
Ваколіцы стадыёна “Дынама” патрулююць міліцыянты і супрацоўнікі ў цывільным. За агароджай стадыёна праз кожныя 7-10 метраў стаяць міліцыянты. На пытанні Еўрарадыё яны не адказваюць — кажуць, што нічога не ведаюць, а іх справа — проста ахоўваць вызначаны ўчастак. На месцы прысутнічаюць супрацоўнікі інфармацыйнай службы ГУУС Мінгарвыканкама. Яны таксама не могуць патлумачыць, што адбываецца, і раяць звяртацца да прэс-афіцэраў.
Па некаторай інфармацыі, тэхніку сцягнулі ў цэнтр Мінска для вучэнняў МНС, МУС і іншых дзяржорганаў у межах падрыхтоўкі да забеспячэння бяспекі II Еўрапейскіх гульняў.
![Цэнтр Мінска перакрылі аўтазакі — ніхто не ведае, чаму](/sites/default/files/paragraphs/image/img20181122111249-01.jpeg)
Аднак у прэс-службе сталічнай міліцыі таксама адказваюць, што не маюць інфармацыі пра магчымыя мерапрыемствы ці вучэнні ля стадыёна “Дынама”. У прэс-службе МУС і інфармацыйным аддзеле ДАІ слухаўкі не паднялі. На гэты момант не даступная для каментарыяў і адміністрацыя спартыўнага аб’екта.
![Цэнтр Мінска перакрылі аўтазакі — ніхто не ведае, чаму](/sites/default/files/paragraphs/image/img20181122110950-01.jpeg)
![Цэнтр Мінска перакрылі аўтазакі — ніхто не ведае, чаму](/sites/default/files/paragraphs/image/img20181122110449-01.jpeg)