Былыя ІПэшнікі і іх работнікі перавучваюцца на прадаўцоў

Службы занятасці гатовыя ўладкаваць усіх звольненых, але спачатку прыйдзецца вывучыцца на курсах дзеля “коркі” і пажыць на 35 тысяч некалькі месяцаў. Як даведалася Еўрарадыё, у гарадскую службу занятасці з 1 ліпеня 2007 года звярнуліся 27 былых ІП і 115 звольненых работнікаў, і толькі 22 чалавекі знайшлі сабе новую работу. Начальнік аддзела арганізацыі работы па садзейнічанні занятасцю насельніцтва Ала Пучко кажа Еўрарадыё, што колькасць тых, хто звярнуўся да іх, невялікая: людзі з рынку чэпкія, таму многія ўладкаваліся на іншую працу самастойна.

Ала Пучко: 14 чалавек, якія адразу не змаглі адшукаць сябе на рынку працы на вольных вакансіях, яны выказалі пажаданне павысіць кваліфікацыю і накіраваны на прафесіянальнае навучанне.

Чаго чакаюць астатнія - тыя, хто не павышае кваліфікацыю і хто не ўладкаваўся на працу, Ала Пучко дакладна не ведае.

Ала Пучко: Некаторыя спадзяюцца: вакансіі пастаянна мяняюцца, і ,можа, з’явіцца нешта прывабнае і для іх. Часам чалавеку трэба і абдумаць сваю сітуацыю, што яму рабіць. А бываюць людзі, у якіх завышаны попыт, і, магчыма, вакансіі, якія мае служба занятасці, іх не задавальняе.

Сёння ў сталіцы 593 вакансіі прадаўцоў. У асноўным патрабуюцца касіры ва універсамы і універмагі, дзе заробак ад 300 тысяч да 600. Аднак не ўсіх былых ІПэшнікаў і іх работнікаў задавальняе такая сума.

У цэнтры занятасці Салігорска Еўрарадыё сказалі, што за мінулы год да іх звярнуліся толькі 2 былыя ІП. Аднаго яны ўладкавалі на працу аператарам ЭВМ. Начальнік аддзела арганізацыі работы па садзейнічанні занятасцю насельніцтва Валянціна Ільюшчыц кажа, што з былымі работнікамі ўвогуле праблема: працаваць на вёсцы за 300 тысяч яны не хочуць, а ў горадзе вольных месцаў няма.

Валянціна Ільюшчыц: У райпа не хочуць, таму што, у асноўным, па вёсках магазіны. Прыбіральшчыцай у ЖКГ комплекс можна б было, але туды не хочуць.

У службе занятасці Цэнтральнага раёна 16 былых работнікаў шукаюць сабе месца працы, і за 7 месяцаў уладкаваць змаглі толькі 1 чалавека. Супрацоўнікі ўпэўненыя: калі б у кожнага была “корачка”, тады б беспрацоўных было менш. У Слуцку з 54 людзей, якія звярнуліся, зараз палова пайшла на курсы, каб пасля ўладкавацца на працу ў дзяржаўную краму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі