Вы тут

БСДГ знайшла парушэнні Выбарчага кодэкса пры "нарэзцы" акруг

Акругі, дзе БСДГ выявіла парушэнні / bsdg.by

Апазіцыйная партыя "Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада" звярнулася ў Цэнтрвыбаркам у сувязі з выяўленымі парушэннямі Выбарчага кодэкса. 

У звароце, які падпісаў намеснік кіраўніка мінскай гарадской арганізацыі БСДГ Мікіта Краснакуцкі, партыя просіць праверыць, ці адпавядаюць межы Жодзінскай, Кастрычніцкай, Партызанскай і Лагойскай выбарчых акруг патрабаванням 15-га артыкула Выбарчага кодэкса.

У гэтым артыкуле Выбарчага кодэкса гаворыцца, што выбарчая акруга складае адзіную тэрыторыю: яе нельга ствараць з тэрыторый, якія не мяжуюць паміж сабой. Між тым у згаданых акругах ёсць асобныя часткі, якія не маюць агульнай мяжы з усёй тэрыторыяй акругі.

Па словах Краснакуцкага, такое ўтварэнне акруг не толькі не адпавядае закону, але і можа выклікаць блытаніну ў насельніцтва гэтых раёнаў, а таксама стварыць дадатковыя цяжкасці для кандыдатаў падчас агітацыі і збору подпісаў.

БСДГ просіць, каб Цэнтрвыбаркам прывёў межы Жодзінскай, Кастрычніцкай, Партызанскай і Лагойскай выбарчых акруг "у стан, які адпавядае артыкулу 15-му Выбарчага кодэкса".

Акругі, дзе БСДГ выявіла парушэнні / bsdg.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.