Вы тут

Большасць украінцаў лічыць Беларусь варожай краінай

Стык межаў Беларусі, Украіны і Расіі / фота з сацсетак

Стаўленне грамадзян Украіны да Беларусі за гэты год істотна змянілася. Гэта паказваюць вынікі грамадскага меркавання, якія апублікавала сацыялагічная група "Рэйтынг". Як варожую краіну Беларусь успрымаюць 84% украінцаў, горшы імідж толькі ў Расіі — ворагам яе бачаць 98% апытаных.  

Для параўнання год таму — у красавіку 2021 года — толькі 22% украінцаў называлі Беларусь варожай краінай. Стаўленне да Беларусі і Расіі ў грамадзян Украіны істотна пагоршылася пасля пачатку вайны. Вайну пачала Расія. Беларусь падтрымала агрэсара, падаўшы сваю тэрыторыю для размяшчэння расійскіх войскаў. Абстрэл Украіны вядзецца і з тэрыторыі Беларусі.

Вынікі апытання грамадскага меркавання ва Украіне / ratinggroup.ua

Сацыёлагі адзначаюць, што крыху пагоршылася стаўленне украінцаў і да Кітая. Кітай заняў у ваеннай сітуацыі стрыманую пазіцыю.

Найбольш дружалюбнымі жыхары краіны лічаць Польшчу, Літву, Вялікабрытанію і ЗША. Таксама дружалюбнымі называюць Чэхію, Румынію, Малдову, Славакію, Турцыю, Францыю, Славенію. 

Сацыёлагі таксама адзначаюць, што ва Украіне больш няма ўнутранага канфлікту па адносінах да ЗША і іншых заходніх краінах. Калі раней жыхары ўсходу і поўдня да іх ставіліся халадней, то "цяпер гэтыя краіны аднолькава дружалюбныя для жыхароў усіх макрарэгіёнаў".

Апытанне таксама паказала, што 77% апытаных лічаць, што справы ва Украіне рухаюцца ў правільным кірунку. Толькі 14% прытрымліваюцца супрацьлеглага меркавання. Пераважная большасць — 93% — перакананая, што Украіна зможа адбіць напад Расіі. Прычым так лічаць жыхары самых розных рэгіёнаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.