Вы тут

Блогер NEXTA прайграў суд старшыні Слонімскага райвыканкама

Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч / svaboda.org

Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч выйграў у блогера NEXTA (Сцяпана Пуцілы) суд па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. 12 лістапада гэтую справу разглядаў Мінскі гарадскі суд.

Суд вырашыў, што NEXTA павінен заплаціць Хомічу кампенсацыю маральнай шкоды ў 3000 рублёў (Хоміч прасіў 10 тысяч) і размясціць на сваім Telegram-канале судовае рашэнне. Таксама блогер павінен аплаціць 370 рублёў судовых выдаткаў.

Нагадаем, што NEXTA апублікаваў інфармацыю, быццам Хоміча і яго жонку даішнікі затрымалі п'янымі. Гэтыя звесткі перадрукавалі некаторыя СМІ. Аднак ДАІ гэтую інфармацыю не пацвердзіла. Хоміч падаў у суд не толькі на блогера, але і на СМІ, якія перадрукавалі гэтыя звесткі. 

Ні пазоўнік, ні адказчык у суд не з'явіліся. Інтарэсы Хоміча прадстаўлялі два адвакаты: Марыя Колесава-Гудзіліна і Арцём Калоша. Як перадае Радыё "Свабода", Колесава-Гудзіліна на судзе заявіла: "Сваімі дзеяннямі Сцяпан Пуціла зняважыў у асобе майго даверніка і Рэспубліку Беларусь".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.