"Без Білета" адзначаць "Дзень святога Безбілетніка" у "Мінск-Арэне"

"Без Білета" спакусіліся на "Мінск-Арэну" і збіраюцца там правесці вялікі канцэрт. Імпрэза мае адбыцца 14 лютага і спалучыць у адно цэлае свята ўсіх закаханых і Дзень безбілетніка, які звычайна адзначаўся ў лістападзе. У сумяшчэнні нагод для канцэрта ёсць і тэхнічны момант, адзначае лідар гурта Віталь Артыст:


"Літаральна ў сакавіку мы выступалі ў Мінску, і вырашылі з фэнамі, што каб больш адзін за адным засумаваць, нам патрэбная больш доўгая паўза. І вось выбралі такі дзень, калі Дзень безбілетніка апгрэйдзіўся да Дня святога Безбілетніка".


Па словах Віталя, па фармаце канцэрт будзе больш нагадваць фестываль.


"Гэта будзе такі безбілетны фестываль, дзень Святога Безбілетніка. Апроч канцэрта, натуральна, у нас будуць адмысловыя госці. На дадзены момант мы чакаем прыезду DJ Kotik, каб канцэрт плаўна перарос яшчэ і ў святочную дыскатэку. А перад нашым выступам, меркавана, "Мінск-Арэна" будзе напоўненая рознымі магчымасцямі і забавамі. Рыхтуем любімыя нашы флэшмобы, у якіх будуць задзейнічаныя ўсе наведвальнікі "Арэны".


Віталь Артыст кажа, што на падобны крок, канцэрт у "Мінск-Арэне", гурт натхніла імкненне расці. Маўляў, "святы" "Без Білета" ужо неаднаразова адбываліся ў Палацы спорту, і вось прыйшоў час сабраць большую залу. Дарэчы, Віталь спадзяецца, што пляцоўка "Арэны" усё ж здолее ўмясціць усіх прыхільнікаў гурта. Прычым, як сведчыць відэа з апошняга канцэрта каманды, фэны падтрымалі ініцыятыву Артыста і кампаніі.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі