Вы тут

Без БЧБ — але і без ЧЗ: як у Гомелі прайшоў Веснавы роварны прабег

Cтаршыня "ВелаГомеля" Валянціна Пазнякова / Алег Чваркоў

Роварны сезон у Гомелі пачаўся традыцыйным Веснавым велапрабегам па цэнтры горада. Для ўдзелу ў ім зарэгістраваліся больш за 500 раварыстаў. Але рэгістрацыя не была абавязковай, некаторыя прыехалі без яе. У час фэсту арганізатары раздалі каля тысячы тэматычных налепак, некаторым іх не хапіла.

Фота: Алег Чваркоў

Сёлетні прабег раз’яднаў актывістаў роварнага руху Гомеля. Частка з іх лічыць, што нельга супрацоўнічаць з уладамі, якія не спыняюць рэпрэсіі.

— Першае жаданне — абавязкова паехаць, пабачыцца з людзьмі, адчуць атмасферу кам’юніці. Але гомельскія ўлады дапусцілі беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій у нашым горадзе, — разважае грамадская актывістка Святлана Кароль. — Таму паміж задавальненнем і салідарнасцю я з асалодай абіраю салідарнасць. Паміж радасцю і сумленнем я радасна абіраю сумленне. Паміж захапленнем і справядлівасцю абіраю справядлівасць — і ў захапленні ад гэтага выбару.

Фота: Алег Чваркоў

— Мы заўважаем грамадска-палітычныя ўмовы, у якіх зараз жывём. Але мы загадзя заклікалі ўдзельнікаў абысціся ў час акцыі без любой палітычнай сімволікі. Напрыклад, прадстаўнікі Беларускай чыгункі паспрабавалі ўзняць дзяржаўныя сцягі: маўляў, ім загадала кіраўніцтва. Але мы папрасілі абмежавацца карпаратыўнай сімволікай, — адказвае арганізатарка прабегу, кіраўніца “ВелаГомеля” Валянціна Пазнякова. — Адна з нашых задач — спрыяць паляпшэнню ў Гомелі роварнай інфраструктуры. Гэта немагчыма рабіць без супрацы з чыноўнікамі.

Фота: Алег Чваркоў

Маршрут на 12 кіламетраў з забаўкамі на фінішы

Прабег стартаваў у самым цэнтры Гомеля і скончыўся на беразе Валатоўскага возера. На месцы збору ўдзельнікі велапрабегу маглі бясплатна праверыць тэхнічны стан сваіх ровараў. Шэрынг-сэрвіс “Калабайк” дапамог з транспартам тым, у каго ўласнага ровара няма.

— Праз вялікую колькасць удзельнікаў велапрабег звычайна адбываецца па праезнай частцы дарогі. Таму мы мусілі дамовіцца з ДАІ для перакрыцця дарог і паведаміць гарвыканкаму пра правядзенне масавага мерапрыемства, — распавядае Еўрарадыё Валянціна Пазнякова. — Мы распрацавалі чатыры варыянты маршруту. Узгадненне з дзяржаўнымі органамі адбывалася няпроста: напрыклад, Следчы камітэт настойваў на пераносе фэсту на іншую дату. Але ў выніку ўсе дамоўленасці былі дасягнутыя.

Фота: Алег Чваркоў

Маршрут склаў блізу 12 км. Абышлося без дарожных здарэнняў. У калоне нехта ўвесь час уключаў музыку з калонак — ад “Я свободен” “Арыі” да больш сучасных хітоў. Было сонечна, але ў пэўны момант на галовы раварыстаў пачаў падаць снег. Агулам фэст працягваўся пару гадзінаў.

Маршрут Веснавога велапрабегу

Ці можа “ВелаГомель” застацца па-за палітыкай?

Святлана Кароль узначальвала “ВелаГомель” у 2018–2020 гадах. Яна пакінула арганізацыю ў канцы жніўня, калі яе кіраўніцтва адмовілася падпісаць зварот няўрадавых арганізацый аб недапушчальнасці гвалту да мірных дэманстрантаў.

— Кожны з нас мае права выражаць сваю пазіцыю. Мы яе паважаем і працягваем дзейнасць, дзеля якой была створаная арганізацыя, не маючы намеру ўдзельнічаць у палітычным проціборстве. Але мы гатовыя аказаць пасільную падтрымку раварыстам, якія праз падзеі ў краіне трапілі ў бяду, выступаючы за любы з бакоў, — пракаментавалі рашэнне ў “ВелаГомелі”.

У лістападзе арганізацыя асудзіла пераслед журналістаў у час выканання імі прафесійных абавязкаў. Тады “суткі” атрымалі незалежныя журналісты і раварысты Яўген Меркіс і Марына Драбышэўская, а таксама Ларыса Шчыракова.

Фота: Алег Чваркоў

У сёлетнім велапрабегу ўзялі ўдзел калоны вучэбных устаноў і прадпрыемстваў са сваёй атрыбутыкай: Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі, гомельскі лікёра-гарэлачны завод “Радамір”, “Гомельская фармацыя”, прафесійны шматпрофільны ліцэй, гомельскае аддзяленне Беларускага фонду міру і іншыя. З іх удзелам звязаны канфуз: арганізатары забаранілі ўдзельнікам абганяць калону з чыноўнікамі. Катэгарычна забараняецца "абганяць першую калону і валанцёраў, дзе едуць прадстаўнікі ўладаў, заслужаныя майстры спорту", — так забарона сфармуляваная ў правілах.

Але на прабегу калону з “прадстаўнікамі ўладаў” усё ж абганялі. Ніякіх санкцый за гэта пакуль не было.

Наймаладзейшаму ўдзельніку прабегу споўніўся толькі год: хлапчук ехаў з бацькамі ў велакрэсле. А самастойна на сваім ровары перасоўваўся 4-гадовы Мікіта: ён назваў удзел у свяце найбольш шчаслівым момантам свайго жыцця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.