Вы тут

"Белнафтахім" прапанаваў расійскім кампаніям увозіць нафту для сваіх АЗС

Запраўка ў Мінску / www.benzin-price.ru

Канцэрн "Белнафтахім" прапанаваў расійскім нафтавым кампаніям пастаўляць нафту на беларускія НПЗ па "давальніцкай схеме". Аднак адказу на гэта беларускі бок не атрымаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар дзяржканцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка.

"Перыядычна праяўляецца нейкая нервовасць з боку расійскіх даччыных кампаній. Іх боязь, што ім не хопіць паліва, суправаджаецца разнастайнымі мерапрыемствамі. "Лукойл" уводзіў ліміты, потым адмяніў — і нічога не высахла. Цяпер вось "Газпрам нафта" дэманструе адзінкавую спробу пастаўкі паліва з Еўропы, прычым у памеры сутачнай нормы. Раней мы гэтым кампаніям прапаноўвалі: калі адчуваеце неспакой, то можна скарыстацца схемай давальніцкай перапрацоўкі. Яны пастаўляюць нафту, мы перапрацоўваем і пастаўляем на іх АЗС паліва. Пакуль сустрэчных хадоў не было", — распавёў прэс-сакратар "Белнафтахіма". 

Ён запэўніў, што адгрузкі з беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў ідуць на ўсе АЗС.

У Беларусі дзейнічаюць сеткі кампаній "Лукойл", "Газпрам нафта", "Раснафта", "Татнафта". 

Праблемы з палівам у расійскіх заправак пачаліся на фоне таго, што Расія з новага года адмовілася пастаўляць нафту ў Беларусь. У пачатку лютага запраўкі "Лукойла" ў Брэсцкай вобласці ўводзілі абмежаванне на продаж паліва. Але пасля таго як "Белнафтахім" назваў гэтыя дзеянні правакацыяй, абмежаванні былі знятыя. 

11 лютага на Reuters з'явіліся звесткі, быццам расійскія сеткі АЗС у Беларусі могуць пачаць закупку паліва ў суседніх краінах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.