Белавус: Адчуванне, што ў краіне ідзе грамадзянская ідэалагічная вайна

Белавус: Адчуванне, што ў краіне ідзе грамадзянская ідэалагічная вайна

8 верасня падчас  футбольнага матча турніру Ліга нацый Беларусь—Сан-Марына міліцыянеры затрымалі некалькіх чалавек, якія прынеслі на трыбуны бел-чырвона-белыя сцягі. А 9 верасня за нацыянальны сцяг затрымалі ўдзельніка Мінскага паўмарафону Уладзіміра Сташкевіча.

Па словах кіраўніка праекту symbal.by Паўла Белавуса, сітуацыя, калі адзін раз наведвальнікаў спартыўных альбо культурных мерапрыемстваў міліцыянеры затрымліваюць за выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга, а іншым разам не звяртаюць на яго ўвагі, непрымальная.

“Я абмяркоўваў гэтую сітуацыю з прадстаўнікамі Федэрацыі футбола Беларусі, і яны кажуць, што ніяк не ўплываюць на супрацоўнікаў спецслужбаў і міліцыі. Вось і атрымліваецца, што адны хочуць зрабіць нешта добрае, а іншыя хочуць, відаць, са свайго пункту гледжання, невядома для каго зрабіць добрае… А ў выніку аўтарытэт губляе хто? І Федэрацыя футбола, і зборная Беларусі. Бо наступным разам гэтыя заўзятары падумаюць: ці ісці ім на стадыён, ці падтрымліваць ім зборную. Стадыён “Дынама” адрамантавалі, ён змяшчае тысячы людзей, і што – ён будзе падчас мерапрыемстваў стаяць з пустымі трыбунамі?” – кажа Павел Белавус.

Па словах суразмоўцы Еўрарадыё, уладам нарэшце трэба канчаткова вызначыцца са статусам бел-чырвона-белага сцяга. І давесці сваё рашэнне, выкладзенае ў афіцыйнай паперы, да ўсіх праваахоўнікаў і чыноўнікаў.

“Вы яго альбо зусім забараніце, каб гэта было вызначана адпаведным рашэннем і каб усе ведалі, што выкарыстоўваць яго забаронена, альбо дазвольце. І я нават прыдумаў, як гэта можна дазволіць. Першы варыянт: у кастрычніку пачынаецца восеньская сесія парламента, і дэпутаты могуць ухваліць прапанаваны Ганнай Канапацкай законапраект аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу культурнай каштоўнасці. Другі варыянт – распрацаваць цалкам новы законапраект, які будзе называцца “Аб нацыянальных сімвалах Рэспублікі Беларусь”. У нас ёсць нацыянальныя сімвалы, якія падзяляюцца на гістарычныя, рэлігійныя, народныя, дзяржаўныя. Усе яны – нашы нацыянальныя сімвалы. Але кожны з іх мае пэўны дадатковы статус. І ўнесці ў спіс і бел-чырвона-белы сцяг, і Пагоню, і Крыж Еўфрасінні Полацкай, і афіцыйныя дзяржаўны сцяг і дзяржаўны герб. І ўсё гэта вызначыць як нацыянальныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Бо тысячы людзей паважаюць адзін сімвал, і тысячы паважаюць іншы. І ўсе яны беларусы. І ўсе яны шчыра любяць гэтыя сімвалы. Я не ведаю, што мы дзелім. Атрымліваецца нейкая ідэалагічная грамадзянская вайна ўнутры Беларусі”.

Павел Белавус прапаноўвае да працы над новым законапраектам далучыцца як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя структуры і арганізацыі.

Цалкам размову з Паўлам Белавусам і затрыманым падчас Мінскага паўмарафону бегуном Уладзімірам Сташэўскім можна паслухаць і паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі