Вы тут

Беларусы Варшавы стварылі інтэлектуальны клуб

5 студзеня беларусы Варшавы сабраліся ў адкрытай прасторы "Duży Pokój", каб згуляць у "Што? Дзе? Калі?". Беларускі інтэлектуальны клуб з'явіўся ў сталіцы Польшчы ўпершыню, але адразу сабраў шэсць каманд. Агулам на першым "пасяджэнні" было 37 удзельнікаў.

Знатакі згулялі 36 пытанняў. Пераможца — каманда "Ёжы лес" — дала на іх 22 дакладныя адказы. Дарэчы, лідары турніру прыехалі ў Варшаву з Прагі, а за сталом у іх былі не толькі беларусы, але і азербайджанцы. 

"Сярод удзельнікаў гульні былі таксама палякі і ўкраінцы. Каб усе добра разумелі, пытанні былі па-руску. Але было пытанне пра "Белшыну", — распавядае Еўрарадыё Аляксандр Лапко, адзін з арганізатараў гульні. — Дарэчы, думаем зрабіць інтэлектуальную гульню на беларускай мове ў Беларускім доме".

Учорашняя гульня скончылася такім пытаннем:

"На карціне XV стагоддзя галаўны ўбор аднаго з іх ляжыць на зямлі, падкрэсліваючы непараўнальна меншую сілу ўлады зямной. Назавіце іх словам, якое прыйшло са стараславянскай".

Адказ вы даведаецеся, калі вылучыце колерам наступную вобласць: вешчуны. Каментарый: у Босха ёсць трыпціх "Пакланенне вешчуноў". Біблейныя вешчуны, як вядома, былі царамі. А ў Польшчы 6 студзеня адзначаецца Свята трох каралёў.

Неўзабаве варшаўскі клуб "Што? Дзе? Калі?" плануе зладзіць наступную гульню. За раскладам можна сачыць на старонцы клуба ў Facebook.