Беларусы і ўкраінцы пра 24.02: "Мама не падымала трубку. Самыя страшныя хвіліны"

Удзельнікі акцыі ля амбасады Расеі ў Варшаве / Еўрарадыё
Удзельнікі акцыі ля амбасады Расеі ў Варшаве / Еўрарадыё

Беларусы і ўкраінцы сабраліся ля будынка амбасады Расійскай Федэрацыі ў Варшаве. Яны спрабавалі дакрычацца да тых, хто знаходзіцца па той бок сцен амбасады.

Некаторыя з іх падзяліліся сваім болем з карэспандэнтам Еўрарадыё.


Васіль, беларус: "Пачынаю плакаць, а потым разумею — плакаць рана"

— Сёння раніцай я прачнуўся ад таго, што мой знаёмы напісаў — у нас вайна. Я заходжу ў тэлеграм, гляджу відэа, пачынаю плакаць. А потым разумею, што гэта толькі пачатак — які сэнс плакаць цяпер?

Белорусы и украинцы про 24.02: “Мама не поднимала трубку. Самые страшные минуты"
Васіль, удзельнік акцыі / Еўрарадыё

Прыязджаю на працу, кажу хлопцам: каля амбасады Расіі сёння будзе акцыя, паедзем туды? Хлопцы пагадзіліся. Я патэлефанаваў начальніку, сказаў, што мы сёння не працуем. Няма настрою працаваць, за 500 кіламетраў ад нас вайна. Начальнік сказаў — так, без праблем.


Яра, украінка: "Не магла датэлефанавацца маме. Самыя страшныя хвіліны майго жыцця"

— Тут ёсць тыя, хто не захочуць размаўляць з вамі на рускай мове, хто негатыўна ставіцца да ўсіх рускіх, хто лічыць, што ўсе рускія ворагі, рускіх трэба мачыць. Я ў шоку ад гэтага. У мяне ёсць знаёмыя, сваякі ў Расіі. Яны адэкватныя, яны не хочуць вайны.

Мяне пабудзіла сяброўка, з якой я здымаю тут жыллё. Сказала — пачалося. Я спрабавала патэлефанаваць маме — яна жыве ў Цэнтральнай Украіне побач з вайсковай базай. Не датэлефанавалася, сувязі не было.

Гэта былі самыя страшныя хвіліны ў маім жыцці.

Белорусы и украинцы про 24.02: “Мама не поднимала трубку. Самые страшные минуты"
Яра, удзельніца акцыі / Еўрарадыё

Нарэшце, датэлефанавалася бацьку, які жыве ў іншым горадзе. Ён сказаў, што з мамай усё ў парадку. Дарэчы, літаральна ўчора папярэджвала маму, прасіла заляпіць вокны — было нейкае прадчуванне.

Раніцай пачала чытаць навіны. Цяпер я павінна быць на працы, але сказала калегам — хлопцы, выбачайце. Вайна.

У 2014 годзе я працавала інструктарам па навучанні нашай арміі першай дапамозе на полі бою. Цяпер ва Украіне шмат маіх вучняў, проста шмат людзей, якіх я ведаю. Частка маіх сяброў ужо сышла ў тэрытарыяльную абарону, частка пайшла на фронт.

Такая салідарнасць з украінцамі дапамагае. Любая падтрымка лепш, чым тое, што я бачыла літаральна ўчора ў сацсетках у расійцаў, якія пісалі — нам страшна, але мы нічога не можам зрабіць. Маўляў, нас жа арыштуюць, калі мы выйдзем на мітынг, нам страшна.

А нам на галовы бомбы падаюць.

Але ў мяне ёсць сябры з Расіі, якія сёння сказалі — мы гэтага не хацелі, мы жадаем вам перамогі. І кожны такі голас важны.


Марыя Вайтовіч, беларуска: "Украіна стала краінай, дзе ўсе мы знайшлі прытулак"

— Мой дзед — украінец, але гэта не адзінае, што звязвае з гэтай краінай. Украіна — гэта братэрскі народ. І беларусы натхняліся украінцамі, тым, наколькі яны разумеюць сябе як нацыю, выходзячы на пратэсты.

А яшчэ Украіна стала краінай, дзе ўсе мы хаваліся ад затрыманняў. Усе, у каго не было віз, нейкі час правялі ва Украіне. І сама я, летам 2020 года збегла з Беларусі, нейкі час знаходзілася ва Украіне.

Белорусы и украинцы про 24.02: “Мама не поднимала трубку. Самые страшные минуты"
Марыя Вайтовіч, удзельніца акцыі / Еўрарадыё

Было вельмі балюча сёння прачытаць у навінах, што бамбяць Кіеў. Тыя месцы, дзе мы былі, дзе застаецца шмат беларусаў, дзе жывуць украінцы, за якіх мы перажываем. Не ведаю, што яшчэ мы можам зрабіць.

Хочацца зрабіць нешта, што ў тваіх сілах, бо задаеш сабе пытанне: што мы не дарабілі, што ўсё гэта адбываецца.


Аліна, беларуска: "На мітынгу было ўжо дзве панічныя атакі"

— Я валанцёр-псіхолаг, працую ў групе крызісных псіхолагаў. Тут я і для таго, каб выказаць сваю пазіцыю, і для таго, каб падтрымаць беларусаў і ўкраінцаў.

Супакоіла некалькіх дзяўчат, дапамагла справіцца з дзвюма панічнымі атакамі — у двух хлопцаў з Украіны.

Раніца пачалася трагічна. Да апошняга мы думалі, што гэта вар'яцтва не наступіць. Я напалову руская, тата — рускі ваенны, і ён, вядома ж, асуджае ўсё гэта вар'яцтва.

Белорусы и украинцы про 24.02: “Мама не поднимала трубку. Самые страшные минуты"
Аліна, удзельніца акцыі / Еўрарадыё

Народ Украіны для нас блізкі, украінцы былі першымі, хто дапамог нам, беларусам. Беларускія ўцекачы найперш беглі ў Кіеў. І цяпер наша чаргу дапамагчы ўкраінцам. Мы будзем побач.


Аліна, украінка: спадзяюся, санкцыі будуць больш, чым проста "заклапочанасць пра Украіну"

Раніца пачалася з тэлефанавання. І пакуль што званкі не спыняюцца. Паглядзім, што будзе далей. Ніхто не чакаў, што ўсё гэта будзе так відавочна і адкрыта ў XXI стагоддзі

Ва Украіне ў мяне засталася мама, будзем думаць, што рабіць. Большасць знаёмых ужо выехалі ноччу. Тыя, хто гэта зрабіў, ужо ў Польшчы. Цяпер з транспартам праблемы.

Белорусы и украинцы про 24.02: “Мама не поднимала трубку. Самые страшные минуты"
Аліна, удзельніца акцыі / Еўрарадыё

Яшчэ тыдзень таму ўсё было спакойна. У навінах кажуць, што Кіеў рыхтаваўся да гэтага ўжо два тыдні, але мне здаецца, гэта перабольшанне. Можа і рыхтаваліся, але верылі, што нічога не здарыцца. Таму для людзей усё гэта вялікі шок. Таму і паніка, чэргі на запраўках, у аптэках, да банкаматаў.

Інфармацыйная прастора не дапамагае: сее паніку, фэйкі. Чым мы зараз можам дапамагчы? Распавядаць праўдзівую інфармацыю.

Думаю, цяпер на міжнародным узроўні гаворка ўжо не будзе ісці пра "заклапочанасць пра Украіну", а тыя санкцыі, якія ўвядуць, будуць сур'ёзнымі. Гэта рэальная вайна, рэальнае ўварванне, ні ў каго не павінна быць больш сумненняў у тым, што гэта не ўнутраны ўкраінскі канфлікт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі