Беларускія памежнікі заклікаюць не давяраць "шпіёну, які здаўся Украіне"

Беларускія памежнікі заклікаюць не давяраць "шпіёну, які здаўся Украіне"

Беларускія сілавікі пракаментавалі звесткі наконт украінца, які заявіў, што 15 гадоў шпіёніў на нашу краіну. 

Як распавядала Еўрарадыё, некалькі дзён таму стала вядома, што ва Украіне затрыманы Аляксандр Ч., які прызнаўся ў шпіянажы. Ён заявіў, што ў 2004 годзе быў завербаваны начальнікам аддзелу разведкі Пінскага памежнага атраду "Рэчыца" і перадаваў звесткі пра ўкраінскіх памежнікаў. 
 
У каментары газеце "СБ. Беларусь сегодня" афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі заявіў, што гаворка, верагодна, ідзе пра 46-гадовага Аляксандра Чмуневіча

"Ён неаднаразова затрымліваўся супрацоўнікамі органаў памежнай службы за парушэнні заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы: усяго такіх фактаў 15. З іх у пяці выпадках парушэнні былі паўторнымі і кваліфікаваныя ў адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Беларусі, за што ён адбываў пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем волі", — кажа Бычкоўскі.

Па яго словах, мужчыну двойчы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па лініі мытні, 12 разоў — па лініі МУС. Пяць разоў украінца судзілі ў Беларусі за крадзяжы. Пасля ўсяго гэтага яму забаранілі ўезд у Беларусь. 

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч дадаў, што на пачатку красавіка на гэтага ўкраінца пачалі крымінальную справу за незаконнае перасячэння мяжы. Суд Столінскага раёна арыштаваў яго на тры месяцы. 7 верасня, пасля адбыцця пакарання, яго дэпартавалі ва Украіну.

"Дарэчы, пры затрыманні ў яго сярод іншага быў канфіскаваны электронны носьбіт, які быў далучаны да матэрыялаў крымінальнай справы. Пры вывучэнні яго змесціва высветлілася, што на флэшцы знаходзіліся нейкія матэрыялы, якія носяць, магчыма, службовы характар ​​аб дзейнасці ўкраінскіх памежнікаў", — паведаміў прадстаўнік Следчага камітэта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі