Беларускія "пальчыкі" могуць патрапіць у "Кнігу рэкордаў Гінеса"

Еўрарадыё прапанавала зафіксаваць новы рэкорд — “Самае масавае "адкатванне пальчыкаў”. “Кніга Гінеса” гатовая яго разгледзець. Браць адбіткі пальцаў у беларускіх мужчын пачалі пасля выбуху, што адбыўся на святкаванні 3 ліпеня 2008 года. І ўжо менш чым праз год Беларусь прэтэндуе патрапіць у “Кнігу рэкордаў Гінеса” ў намінацыі “самае масавае добраахвотнае дактыласкапаванне”.

Тэрарыстаў, што ўчынілі выбух, не знайшлі, а позвы з прапановай “адкатаць” пальчыкі пачалі рассылаць ледзь не ўсім мужчынам краіны. Хоць ад працэдуры фармальна і можна было адмовіцца, беларусы здавалі адбіткі добраахвотна.

Многія баяліся, што калі адмовяцца, іх пачнуць падазраваць у тэрарызме. Такім чынам, у міліцэйскія архівы трапіла гіганцкая колькасць адбіткаў. Нават у Міністэрстве ўнутраных спраў падлічыць іх прыкладную лічбу сёння не могуць, або не хочуць яе называць.

“Я не ведаю. Пішыце лісты міністру”, — забракавала пытанне Еўрарадыё прэс-сакратар МУС Святлана Бароўская.

А раптам міліцыі ўдасца сабраць “пальчыкі” ва ўсіх мужчынаў? Ва ўпраўленні дэмаграфічнай статыстыкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта нам дапамаглі падлічыць колькасць паўналетніх мужчын непенсійнага ўзросту.

“На пачатак года колькасць мужчынаў узростам ад 18 да 59 год  уключна складае 2 мільёны 983 тысячы 774 чалавекі”, - паведаміла прэс-сакратар камітэта Алена Кандраценка.

А калі ўлічыць, што “пальчыкі адкатваюць” і ў 16-гадовых падлеткаў, і ў пенсіянераў, то колькасць адбіткаў можа сягаць за 3 мільёны.

Ці можа добраахвотнае дактыласкапаванне беларусаў стаць самым масавым у свеце? Еўрарадыё звярнулася ў “Кнігу рэкордаў Гінеса” і прапанавала зарэгістраваць такі рэкорд.

Як распавёў кансультант прадстаўніцтва “Кнігі Гінеса” ў Расіі Сяргей Сямёнаў, заяўку беларусы могуць падаваць адразу ў дзве кнігі: “Рэкордаў СНД” (рашэнне прымаецца ў Маскве) і “Рэкордаў Гінеса” (у Лондане). Разам гэтыя заяўкі каштуюць 1078 еўра.

“Вы можаце падаць заяўку на самае масавае дактыласкапаванне насельніцтва, - прапанаваў Сяргей Сямёнаў. - Але верагоднасць таго, што яна пройдзе — пяцьдзесят на пяцьдзесят. Трэба рабіць экспертызу. Тое, пра што вы кажаце, адносіцца да катэгорыі крыміналістыкі. Калі гэтая галіна не адкрытая, яна можа адкрыцца згодна з рашэннем рэдкалегіі”.

Цяпер беларусам засталося чакаць афіцыйных лічбаў з Міністэрства ўнутраных спраў. І айчынная крыміналістыка мае шанцы трапіць у сусветную гісторыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі