Вы тут

Беларускія гісторыкі ўзнялі пытанне пра “перапісванне” ваенных падзей

Фота: Damien Walsh / www.flickr.com

Беларускія гісторыкі занепакоеныя спробамі “перапісаць” падзеі Другой сусветнай вайны. 25 верасня яны распавялі пра свае апасенні журналістам, а заадно прачыталі невялікую лекцыю пра падзеі на Усходнім фронце.

Што менавіта найбольш турбуе гісторыкаў?

“Быццам бы пералом ў Вялікай Айчыннай вайне адбыўся не на тэрыторыі СССР, а дзесьці на Захадзе ці ў Паўночнай Афрыцы, — тлумачыць дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч. — Маўляў, заходнія саюзнікі зрабілі вырашальны ўклад у перамогу. Наша даследаванне паказвае, што менавіта на тэрыторыі Савецкага Саюза адбыўся карэнны пералом. І гэта вельмі важны момант. Трэба адстаяць гісторыю вайны ад фальсіфікацыі”.

Навукоўцы лічаць, што сёння шмат аўтараў, якія не вывучаюць канкрэтную падзею, а проста выказваюць сваё меркаванне, але хто менавіта спрабуе адабраць у беларусаў перамогу, не прызнаюцца.

“Гэта, у першую чаргу, публікацыі ўспамінаў нямецкіх генералаў, якія хацелі паказаць сябе падчас ваенных аперацый, — кажа загадчык аддзела ваенная гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксей Літвін. — Потым гэтыя звесткі траплялі на старонкі савецкіх выданняў, нешта вырывалася з кантэксту, і гэтак далей. Рабіліся пераклады на рускую мову, якія лічыліся за праўду, але гэта была не зусім праўда. Савецкія вайскоўцы таксама, калі пісалі ўспаміны, не маглі выказвацца так, як было на самой справе, бо існавала цэнзура”.

Злева трое прадстаўнікоў Акадэміі навук

Аляксей Літвін адзначае, што фальсіфікацыя ваеннай гісторыі пачалася не сёння. Першыя спробы фальсіфікацыі адбыліся яшчэ ў той час, калі доступ да дакументаў быў закрыты.

Гісторык тлумачыць, што ваенныя ўспаміны пісаліся людзьмі камуністычных, ліберальных і іншых поглядаў. Гэта прывяло да рознагалосся. Але рознагалоссе — гэта адно, а фальсіфікацыі — іншае.

“Сутнасць фальсіфікацыі ў тым, што чалавек піша пра падзеі так, як бачыць, а не карыстаючыся дакументамі. Я не буду называць працы, якія сцвярджаюць, што партызанскі рух у Беларусі не меў ніякага эфекту, — распавядае Аляксей Літвін. — Але гэта ўсё пішацца! Сакалоўскі такі ў Маскве ёсць, ёсць нашы перапісчыкі...”

Акадэмік раіць такім аўтарам пайсці ў архіў і паглядзець нямецкія дакументы, каб зразумець, што значыў партызанскі рух для захопнікаў.