Беларускім праваабаронцам дазволілі праінспектаваць восем калоній

Праваабаронцы "Платформы інавэйшн" атрымалі дазвол наведваць беларускія калоніі і ізалятары, папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу і ЛПП.

Як паведамляе Радыё "Свабода", з кастрычніка 2014 года да пачатку лютага 2015-га яны наведалі восем калоніяў, у тым ліку ў Шклове і Горках, адну выхаваўчую калонію ў Бабруйску і следчы ізалятар у Віцебску.

Па словах дырэктаркі "Плятформы інавэйшн" Алены Красоўскай-Каспяровіч, асноўная тэндэнцыя ў гэтых калоніях станоўчая. Паўсюль ідзе будоўля новых памяшканняў і рамонт старых, умовы паступова паляпшаюцца, хаця ёсць і недахопы.

У адрозненне ад мінскага ізалятара на Акрэсціна, дзе за вязнямі ідзе кругласутачнае відэаназіранне, у жаночай калоніі ў Гомелі гэта выключана. Там, кажа Красоўская-Каспяровіч, у будынку відэакамеры ўсталяваныя толькі ў калідорах. Але ў цэлым відэакамераў у калоніях становіцца ўсё больш, і гэта становіцца асноўным сродкам бяспекі, адзначае праваабаронца.

З актуальных побытавых праблемаў у калоніях праваабаронца назвала вялікі недахоп лядоўняў у атрадах. Таму вязні не могуць доўга захоўваць прадукты, якія ім перадаюць з волі. Раскрытыкавала Красоўская-Каспяровіч толькі калонію ў Горках, бо там будынкі проста развальваюцца і фізічна састарэлі.

Праваабаронцы "Платформы інавэйшн" цягам бліжэйшых гадоў плануюць наведаць усе 66 устаноў пэнітэнцыярнай сістэмы Беларусі, прычым не па адным разе. Дамова пра гэта ўжо ёсць.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі