Беларускім палітвязням "свеціць" амністыя?

Міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў заявіў, што рыхтуецца праект указа прэзідэнта пра амністыю, прымеркаваную да 3 ліпеня – афіцыйнага Дня Незалежнасці. Ён таксама паведаміў, што амністыя будзе тычыцца усіх грамадзянаў, якія здзейснілі няцяжкія злачынствы і па неасцярожнасці. Еўрапейскае радыё для Беларусі вырашыла даведацца, якія шанцы ёсць у нашых палітвязняў патрапіць пад гэтую амністыю. Намеснік кіраўніка дэпартамента выканання пакаранняў Юрый Баранкоў не пералічыў дакладныя катэгорыі зняволеных, якіх будзе тычыцца амністыя:

“Мы толькі рыхтавалі прапанову, і ўсё. А далейшы яе ход я не ведаю. Агульны праект рыхтавалі. Усё ідзе ў стадыі ўзгаднення. Больш ніякай інфармацыі я не магу даць”.

Нагадаю, сёння ў Беларусі за кратамі застаюцца Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Андрэй Клімаў. Толькі адзін з іх асуджаны па Крымінальным кодэксе. Астатнія прыцягнутыя да адказнасці па Адміністрацыйным. Праваабаронца Алесь Бяляцкі лічыць, што ў іх ёсць усе шанцы патрапіць пад амністыю:

“Звычайна такія амністыі здымаюць год пакарання па такіх артыкулах. Калі, напрыклад, для Аляксандра Казуліна, які атрымаў пяць з паловай гадоў, правядзенне такой амністыі, калі б у яго год быў скасаваны, то той тэрмін, які ён ужо адседзеў, дае падставу ўладам разглядзець пытанне аб яго вызваленні ўмоўна-датэрмінова.

А што тычыцца Артура Фінькевіча ці Змітра Дашкевіча, то яны ўвогуле ўжо маглі б выйсці на свабоду, улічваючы той тэрмін, які яны адсядзелі”.


Нядаўна на волю выйшлі Павел Севярынец, Мікола Статкевіч і Кацярына Садоўская. Андрэю Клімаву пакаранне было зменшанае на год. Ці можна лічыць гэтыя крокі ўлады за лібералізацыю? Адказвае палітолаг Уладзімір Мацкевіч:

“Яшчэ толькі ёсць першыя ластаўкі на гэты конт. Гэта нельга назваць лібералізацыяй. Але я думаю, што, калі рэжымныя аналітыкі ці ідэолагі паразважаюць трохі (яны ўжо, напэўна, паразважалі), то яны прымуць рашэнне, што па гэтым шляху трэба ісці”.

Сам нядаўні палітвязень Павел Севярынец кажа, што, можа, і амністыі чакаць не давядзецца, а ўсё можа скончыцца значна раней:

“Спадзяванняў на саму амністыю і літасць рэжыму я б не ўскладаў. Спадзяванні ёсць на заходні ціск і на ціск беларускага грамадства”.

Хаця прадстаўнік Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч лічыць, што нават калі экс-кандыдату ў прэзідэнты і “свеціць” амністыя, то гэта не тое, чаму варта было б радавацца:

“Такі б шанец быў, каб Вярхоўны суд зменшыў тэрмін пазбаўлення волі. Але тут павінен быў быць апраўдальны прысуд альбо зараз спыненне крымінальнай справы з-за таго, што няма складу злачынства.

Засталося, каб генеральны пракурор вынес наглядны пратэст. І адпаведна было вынесена прававое рашэнне. Фармальна яшчэ можна звяртацца адзін раз да спадара Сукалы, старшыні Вярхоўнага суда, паколькі папярэдні адказ быў дадзены ягоным намеснікам”.


Па выніках апытання, зробленага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, амаль 35 адсоткаў беларусаў лічаць, што Аляксандр Казулін быў асуджаны па палітычных матывах і павінен быць вызвалены.

Такім чынам, можна спадзявацца на суддзяў, як раіць спадар Рынкевіч, ці на Бога, як кажа Павел Севярынец. А можна і на амністыю, як, відаць, спадзяюцца самі палітзняволеныя.


Фота — www.digitaljournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі