Беларусам не хапае тэмпераменту набіць адно адному пысу

Сацыёлаг Надзея Яфімава кажа, што беларусы — супярэчлівая нацыя. Яны настолькі розныя, што, здаецца, каб у нас было больш тэмпераменту, скончылася бойкай. Адзін кажа, што ён савецкі чалавек, а другі кажа: я — беларус, таму што ўсё гэта адмаўляю… І пры гэтым яны сядзяць за адным сталом.
Ёсць пэўная тэрыторыя, якая называецца Беларуссю і на якой жывуць людзі. Чым яны адрозніваюцца ад людзей, што жывуць на іншых тэрыторыях?

Яфімава: Мы якраз распачалі такое даследаванне. Пытанне так і гучала “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў: што нас аб’ядноўвае і робіць унікальнай нацыяй?”. Першым этапам былі фокус-групы. Паколькі нацыянальныя пачуцці цяжка выразіць вербальна, мы папрасілі ўдзельнікаў фокус-груп падабраць малюнкі, калажы, фотаздымкі — нейкія візуальныя метафары.

І што ў выніку атрымалася?

Ва ўсіх фокус-групах у цэнтры увагі — нацыянальны характар ці менталітэт. То бок, беларусы застаюцца беларусамі дзякуючы свайму менталітэту.

У чым жа своеасаблівасць беларускага менталітэту?

Беларусы як ніхто іншы могуць прыстасавацца да любых абставінаў. Менавіта прыстасавацца — то бок, не змяніць абставіны, а самаму змяніцца, прыняць гэтыя абставіны, жыць у іх натуральна, нармальна, арганічна і нават з задавальненнем.

Адна з удзельніц дыскусіі прынесла малюнак, на якім дзяўчынка стаіць у пакоі і назірае за ўсім, што там адбываецца. Яна так патлумачыла сваю думку:

“Мяне больш за ўсё зацікавіла поза дзяўчынкі, яе аблічча і вочкі. Беларуская поза, беларускія вочкі. Усім сваім выглядам яна нібыта кажа: я тут стаю, назіраю за ўсім, што адбываецца. Стаю сабе — і ўсё нармальна: не дрэнна і не добра, а нармальна. Вось я папрасіла гаспадыню прынесці мне вады, і яна два разы прынесла мне каву. І я выпіла, а што? Усё нармальна, нармальная кава, хоць я і вады хацела”.

Другі аспект беларускага характару складаецца з таго, што беларус моцна трымаецца за сваё напрацаванае, здабытае. І ён не проста трымаецца за яго дзвюма рукамі, а зрастаецца з ім у адно цэлае і з апаскай азіраецца па баках. Ён недаверліва ставіцца да знешняга свету.

Пры гэтым, паводле меркавання саміх беларусаў, беларусаў усе любяць, ставяцца да іх з павагай. Да беларуса звяртаюцца па падтрымку і дапамогу, бо ведаюць, што ён заўсёды адгукнецца, дапаможа.

Калі абагульніць, то найчасцей рэспандэнты адзначалі наступныя якасці: цярплівасць, інэртнасць. Беларусы — добрыя, мяккія, душэўныя, гасцінныя, беларусамі лёгка кіраваць, яны працавітыя, закрытыя, скурпулёзныя, не вельмі радасныя, хутчэй песімісты, непрадпрымальныя, упартыя, міралюбівыя.

Відавочна, што беларусы апісваюцца рэспандэнтамі як нацыя, у якой прыстасаванне да абставінаў дамінуе над імкненнем штосьці зрабіць, пасіўныя рысы характару дамінуюць над актыўнымі і крэатыўнымі…

І ўсё гэта людзі казалі і пра сябе ў тым ліку? Ці пра іншых беларусаў, але не пра сябе?

Так, самае цікавае, што, апісаўшы нацыянальны характар беларуса, канкрэтны чалавек адмаўляў, што асабіста ён падпадае пад гэты характар, пад стэрэатып, які ён так падрабязна і з такім смакам намаляваў… Прычым не толькі ён сам іншы, але і яго пакаленне іншае. Маладыя людзі абсалютна ўпэўнена сцвярджалі: і я не такі, і мае блізкія і сябры — таксама іншыя.

Гэта бунт супраць стэрэатыпнага нацыянальнага характару як недастаткова прывабнага. Нашыя рэспандэнты сцвярджаюць новы тып: ужо не стэрэатып, а тып “новага беларуса”.

Новы беларус — гэта значыць малады? Ці гэта беларус XXI стагоддзя?

Так, гэта перш за ўсё маладыя людзі, якія ўжо сёння існуюць і маюць перспектыву ў будучыні.

І які ён — новы беларус?

Ён прадпрымальны, разняволены і свабодны. Новы беларус больш схільны да інтэлектуальнай працы. Ён зарабляе сабе на жыццё не корпаючыся ў зямлі, а інтэлектуальнай працай. У маладога пакалення больш выражаная беларускасць, чым у савецкага, выражаная цікавасць да сваіх каранёў, гісторыі.

У новай беларускай ідэнтычнасці большае значэнне атрымлівае элемент еўрапейскай ідэнтычнасці — быць беларусам і еўрапейцам адначасова.

Ці абавязкова размаўляць па-беларуску, каб быць беларусам? Апошнім часам можна часта пачуць меркаванне, што ведаць мову і размаўляць на ёй — неабавязкова…

Звычайна нацыянальная мова разглядаецца як адзін з самых відавочных і бясспрэчных крытэраў нацыянальнай ідэнтычнасці: мы гаворым на адной мове — і гэта нас робіць нацыяй. Але няма адзінага меркавання, што веданне мовы — гэта прыкмета беларускасці. Выказваліся абсалютна супрацьлеглыя меркаванні.

У людзей існуе два розныя падыходы ў адносінах да мовы: культурна-эстэтычны і прагматычны. Культурна-эстэтычны аспект складаецца з таго, што мова, паводле меркавання большасці рэспандэнтаў, — гэта бясспрэчная нацыянальная каштоўнасць. Мовай можна ганарыцца, любавацца, людзей, якія размаўляюць па-беларуску, паважаюць, іх гаворкай часта захапляюцца — але не больш за тое.

Другі аспект — прагматычны. Ён звязаны з выкарыстаннем беларускай мовы ў практычным жыцці. Вось менавіта да гэтага рэспандэнты слаба матываваныя. Адзін і той жа чалавек кажа: нашая мова цудоўная, я ёй ганаруся, але я яе не выкарыстоўваю і, што самае галоўнае, выкарыстоўваць не буду.

Людзі дакладна так і казалі, што беларусу зусім не абавязкова размаўляць на беларускай мове: хапае таго, што ён асаблівы па сваім менталітэце, што ён любіць сваю радзіму, сваю прыроду, што ён тут нарадзіўся.

Чым тлумачыцца такая супярэчнасць — што, каб быць беларусам, неабавязкова не тое што размаўляць, а нават ведаць беларускую мову?

Ну, гэта не сакрэт, чым тлумачыцца… Першае — людзі кантактуюць у асноўным па-руску. Былі, напрыклад, такія выказванні: “Дзеля чаго ведаць беларускую мову? Мы ж на ёй не размаўляем. Калі будзеш размаўляць па-руску, цябе ўсюды зразумеюць, па-беларуску — не”.

Яшчэ адзін момант. Папулярную літаратуру — фантастыку, дэтэктывы — прывыклі чытаць па-руску. І людзям здаецца парадаксальным, што фантастыку можна чытаць па-беларуску. Вось адно з выказванняў: “Чытаць кожны дзень Янку Купалу і Якуба Коласа мяне не прымусіш. Я любіў і люблю чытаць фантастычную літаратуру, але я не ўяўляю, як бы гэта чыталася па-беларуску. Я не ўяўляю, як гэта было б магчыма перакруціць гэтыя словы на беларускую мову — было б проста прыкольна”.

Таксама распаўсюджанае меркаванне, што беларуская мова — гэта мова апазіцыі. І адносіны да апазіцыі экстрапалююцца на мову.

Беларускую мову часам успрымаюць як вясковую…

Так, напрыклад, у адной з удзельніц дыскусіі бацькі жывуць у вёсцы, а сама яна — ў Лідзе. Дык вось у вёсцы яна размаўляе па-беларуску, а ў Лідзе — саромеецца.

А што тычыцца беларускай культуры — што любяць, ведаюць, чым ганарацца беларусы?

У нас не атрымалася выявіць нейкага аднаго твора, аўтара ці накірунку ў беларускім мастацтве, якія былі б аднолькава папулярныя і любімыя ўсімі… Увогуле з беларускасцю і Беларуссю найбольш асацыюецца архітэктура: замкі (Мір, Нясвіж) і прыкладное мастацтва — саломка, слуцкія паясы.

Можна дакладна сказаць, што беларускі рок сапраўды папулярны сярод моладзі, прычым не толькі сярод сацыяльна актыўнай і не толькі тое, што пражывае ў Мінску. Называюць таксама, канечне, і Шагала, і Малевіча…

А што наконт літаратуры?

Запатрабаваныя Быкаў, Барадулін, Караткевіч. Але што мяне здзівіла! Нацыянальны характар звычайна ў любой нацыі выплаўляецца ў межах нацыянальнай літаратуры. Ёсць тыповыя нацыянальныя характары — Дон Кіхот, Гамлет, Абломаў… Але вось беларус, разважаючы пра нацыянальны характар, ніяк не суадносіць яго з літаратурай, не апіраецца на літаратуру, не чэрпае адтуль…

Няма такіх герояў, пра якіх можна было б сказаць, што вось гэта — тыповы беларус. І гэта вельмі дрэнна, таму што падтрымка літаратуры вельмі важная. З яе дапамогай больш грунтоўна асэнсоўваецца нацыянальны характар, чым на штодзённым узроўні. Але ў нас не было прыкладаў з літаратуры.

Цікава, такіх прыкладаў і герояў сапраўды няма, альбо яны ёсць, але беларусы папросту да іх не звяртаюцца, не ведаюць іх?

Вось, гэта пытанне! Ці то яны не ведаюць літаратуру дастаткова, каб яна проста жыла з табой, ці то актуальных герояў папросту не існуе…

Каго больш сярод беларусаў: “расіянаў”, савецкіх, еўрапейцаў ці ўласна беларусаў? То бок, з якой дзяржавай, з якой краінай і з якой сістэмай людзі сябе атаясамляюць як грамадзяне?

Тут таксама адчуваецца раскол. Адны сапраўды адчуваюць прыналежнасць да еўрапейскай культуры, а іншыя, наадварот, ідэнтыфікуюць сябе з савецкай культурай, з расійскім перыядам і культурай…

Я выдзеліла пяць мадэляў грамадзянскай ідэнтычнасці. Гэта вельмі розныя, часам нават супрацьлеглыя мадэлі.

Першы тып я назвала вялікая сям’я. Дзяржава ўспрымаецца як сям’я,  дзяржаўны лад нагадвае сямейны лад, сямейны ролі — маці, бацька, сын і г.д. — пераносяцца на дзяржаву. Прэзідэнту, названаму “бацька”, аўтаматычна надаецца цэлы комплекс традыцыйных якасцяў і характарыстык бацькі: мужнасць, справядлівасць, здольнасць абараніць ад ворагаў, дакараць і балаваць сваіх дзяцей, караць за правіннасці…

Было такое пытанне: як вы маглі б назваць сваё пачуццё да Беларусі? І вось адна з цытатаў, як адказала жанчына:

“Як да мамы роднай. Напэўна, наш прэзідэнт клапоціцца пра нас, няхай і не фінансава. Вось былі “Дажынкі”, я ўбачыла яго ўжывую: ён — родны чалавек. Ён і ёсць як маці — бацька наш, татачка. Прэзідэнт — тата, а Беларусь — мама”.

Другі тып дзяржаўнай ідэнтыфікацыі — гэта савецкая ідэнтычнасць. То бок, ідэнтыфікуючы сябе з Беларуссю, рэспандэнт адчувае сябе савецкім чалавекам. Вось, напрыклад, такое выказванне:

“Я лічу сябе грамадзянкай Савецкага Саюза, для мяне ўсё гэта было вельмі дорага. Развал Саюза я вельмі моцна перажывала і дагэтуль не магу з гэтым змірыцца. Маё пачуццё адказнасці грамадзяніна Савецкага Саюза спраецыявалася на пачуццё адказнасці перад Рэспублікай Беларусь”.

Трэці тып грамадзянскай ідэнтычнасці — пратэстная ідэнтычнасць: супрацьпастаўляю сябе ўсяму таму, што мае адносіны да сучаснай дзяржавы. Вось такая цытата:

“Хацелася б падыскутаваць з тымі людзьмі, якія стаяць “За Беларусь”, з БРСМ. І чым больш яны гэта піяраць, тым большая ў мяне агіда. Я не хачу мець нічога агульнага з людзьмі на бігбордах — салдатамі, якія стаяць на фоне чырвона-зялёнага… Яны лічаць, што жывуць у гэтай краіне, рэгулярна адзначаюць “Дажынкі”  —  і больш ім нічога не трэба. Вось і варацца ў сваім саку, лічаць, што будуюць сваю дзяржаву. Я супраць”.

Вось гэта пратэстны тып: я беларус, таму што я супраць гэтага.

Чацвёрты тып — гэта еўрапейская ідэнтычнасць. Ідэнтыфікую сябе з сваёй краінай, паколькі яна з’яўляецца часткай Еўропы:

“Я б хацеў быць не толькі беларусам, але і еўрапейцам. Я хачу, каб мяне прызналі, што я таксама еўрапеец. Так, я лічу, што беларус — гэта еўрапеец і ён цалкам варты насіць імя еўрапейца.”

Цікава, што еўрапейская ідэнтычнасць праяўляецца не толькі ў маладых. Як, дарэчы, і савецкасць таксама — не толькі ў старых. Бывае, што і ў 35-40 год людзі адчуваюць сябе савецкімі.

І пятая ідэнтычнасць. Я яе назвала пазітыўнай грамадзянскай ідэнтычнасцю, ці патрыятычнай ідэнтычнасцю. Яна выражаецца ў асабістай адказнасці за краіну, за яе будучыню:

 “Для мяне беларус — гэта звычайны хлопец, братка-беларус. Яму неабавязкова быць у вышыванцы, неабавязкова быць рыцарам. Беларускасць ён павінен адчуваць і мець у сваім сэрцы. Я жыву тут і я хачу тут штосьці мяняць. Сапраўдныя беларусы адчуваюць адказнасць за сваю краіну. Адчуваюць, што ад іх залежыць, якая гэта будзе краіна”.

Цяпер нашая задача на наступным этапе — праверыць колькасна, колькі людзей у якой групе знаходзіцца. Гэта будзе пазней, але ўжо сёння мы можам бачыць тэндэнцыю. Гэта ўжо нават аскому нагнала, што мы такія талерантныя, што ў нас тут усё ўжываецца — і ўсе канфесіі, і ўсе тыпы ідэнтычнасці.

Беларусы — настолькі розныя, што, здаецца, каб у нас было больш тэмпераменту, мы б морду панабівалі адзін адному. Адзін кажа, што ён савецкі чалавек, а другі кажа: я — беларус, таму што ўсё гэта адмаўляю… І пры гэтым яны сядзяць за адным сталом.

І не набіваюць адзін аднаму морду…

Так, і застаюцца сапраўды прадстаўнікамі Беларусі. Мы ж калі на фокус-групу адбіралі людзей, то праводзілі тэст. Трэба было 10 разоў адказаць на пытанне “хто я?” Напрыклад, я — жанчына, я — маці, я — сацыёлаг і г.д. І вось калі сярод гэтых 10 адказаў было я — беларус, тады мы гутарылі з гэтымі людзьмі. То бок, усе гэтыя людзі адказвалі, што яны — беларусы. Дык вось наколькі розныя людзі лічаць сябе беларусамі: адзін кажа я — савецкі чалавек і таму беларус. Іншы кажа: я — еўрапеец і таму я беларус.

Ці часта людзі не адказвалі “я — беларус”?

Так, дастаткова часта. Прычым калі з ім пагаварыць, то, можа, ён скажа, што, натуральна, я — беларус, але проста ў яго гэта не так актуальна. Не на паверхні.

А ці адчувалася па адказах, што беларусам быць прэстыжна? Ці казалі людзі “я — беларус і я гэтым ганаруся”?

Дакладна такога пытання не было, але тут праз нейкія ўскосныя прыкметы можна зрабіць высновы. Напрыклад, калі чалавек саромеецца гаварыць у горадзе па-беларуску… Гэта з аднаго боку. А з іншага боку чалавек ганарыцца, што ён беларус, асабліва калі кудысьці выязджае. Вось я гутарыла з дальнабойшчыкамі. Яны вельмі ганарацца тым, што жывуць у Беларусі, настолькі, што іх проста распірае. Кажуць, калі едзеш па Беларусі — усё так прыбрана, усё так прыгожа, чыста і цудоўна, а толькі прыязджаеш ці ў Расію, ці ва Ўкраіну — ужо зусім па-іншаму…

Я як раз нядаўна стала сведкам цікавай размовы. Вярталася з Украіны ў Беларусь у цягніку, і там дзве ўкраінкі сталага ўзросту размаўлялі паміж сабой. І адна кажа, вось якія добрыя беларусы, як адразу бачна, што мы ўжо ў Беларусі — усё чыста, прыбрана… А другая ёй адказвае: дык мы ж яшчэ мяжу не перасеклі, гэта яшчэ Ўкраіна! На што ёй першая ўсё адно адказвае: дык гэта проста Беларусь ужо побач — дык яны хоць прыбраліся, бо сорамна ж…

Ну, і апошняе пытанне: ці змяняемся мы ўвогуле? Ці адрозніваецца сённяшні беларус ад беларуса 10 год таму?

Я думаю, што змяняемся бясспрэчна. Вось гэты фактар незалежнасці, фактар сваёй дзяржавы змяніў стаўленне ў пазітыўны бок. Як я і казала, ідзе пошук новага беларуса, новага нацыянальнага характару. Гэта працэс доўгі, але паступова новыя якасці змяняюць стары стэрэатып, ён ужо разбураецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі