Беларусь застаецца не вельмі прывабнай для замежных турыстаў

110803 Eurafokus.mp3

Беларусь у наш час не вельмі прывабная для замежных турыстаў. Пра гэта сведчаць найперш лічбы. Так, напрыклад, Польшчу летась наведалі 12,5 млн. турыстаў, а ў Беларусь іх прыехала толькі каля 100 тысяч. Больш турыстаў прымае нават маленькая Літва. Выправіць сітуацыю ўзяўся міністр спорту і турызму Беларусі Алег Качан, які нядаўна прапанаваў адмяніць візы для грамадзянаў Еўрасаюза і такім чынам павялічыць наплыў турыстаў у Беларусь. Пра тое, ці стане такі крок эфектыўным, разважае кіраўніца Беларускага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра ў Варшаве Святлана Тарановіч.

Тарановіч: “Грамадзяне краін Еўрасаюза ўжо прызвычаіліся да таго, што могуць без віз перасоўвацца па Еўропе. Таму ў іх не ўзнікае праблем, калі яны без аніякіх перашкодаў спакойна едуць і адпачываюць там, дзе ім захочацца. Але, напрыклад, калі яны пажадаюць паехаць адпачыць у Беларусі, у іх узнікнуць пэўныя цяжкасці: перш за ўсё, гэта віза. Безумоўна, адмена віз для грамадзянаў ЕС значна б спрасціла тыя бюракратычныя працэдуры, якія сёння існуюць пры наведванні Беларусі. Але невядома, як бы адмена віз увогуле паўплывала на папулярызацыю Беларусі для турыстаў з Заходняй Еўропы”.

Беларускі турыстычны інфармацыйны цэнтр дзейнічае ў Варшаве са снежня 2010 года. Асноўнай яго задачай з’яўляецца інфармаванне палякаў пра месцы, якія варта наведаць. Як сведчыць Святлана Тарановіч, 90 працэнтаў польскіх турыстаў наведваюць Заходнюю Беларусь, якая калісьці знаходзілася пад Польшчай, астатнія едуць у Віцебск, Полацк, у падарожжа па Прыпяці.

Тарановіч: “Наш офіс размешчаны ў самым цэнтры Варшавы. У нас ёсць турыстычная інфармацыя на польскай і англійскай мовах. Кожны можа прыйсці да нас і атрымаць любую інфармацыю пра Беларусь. За апошнія паўгода нам удалося ажыццявіць дзве рэкламныя акцыі: першую – у снежні і другую – у канцы чэрвеня. Лічу, што вынікам гэтых акцый стала тое, што ў польскай прэсе з’явіліся пазітыўныя артыкулы пра нашу краіну, пра цудоўныя турыстычныя маршруты”.

Па словах Святланы Тарановіч, турыстычны цэнтр у Варшаве прыкладае шмат намаганняў, каб як мага больш палякаў наведвала нашу краіну.

Тарановіч: “Для сродкаў масавай інфармацыі, якія займаюцца турызмам, на пачатку летняга сезона мы правялі прэзентацыю, падчас якой акцэнты рабілі на тых месцах, якія палякі наведваюць не так часта, як хацелася б. Гэта Аўгустоўскі канал і горад Мінск”.

Сёння тых параўнальна нешматлікіх турыстаў, якія наведваюць Беларусь, больш за ўсё вабяць практычна некранутыя палескія балоты, рэкі і азёры. Аднак, як сведчыць міжнародная турыстычная практыка, сапраўднага наплыву турыстаў не можа быць да той пары, пакуль самі беларусы не пачнуць шанаваць свае культурныя і гістарычныя традыцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі