Беларус прыдумаў новую настолку — і гэта "джэнга" для інтравертаў
![Віктар, стваральнік гульні Fibo](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-10/3b29b3bca8768d8dc469ff0e2b1c2fb1.jpg.webp?itok=nH5sAlb9)
Віктар, стваральнік гульні Fibo / Onliner
Беларус Віктар стварыў настолку, якую называе "джэнгай для інтравертаў". Яе на рэалізацыю ўжо ўзяў прадстаўнік аднаго з найбуйнейшых вытворцаў настольных гульняў у СНД. Гісторыю стварэння гульні Віктар расказаў у інтэрв'ю Onliner.
Праца над настолкай пачалася з сяброўскай прапановы:
— Мой прыяцель задаў задачку: а што калі б трэба было прыдумаць фігуркі, дзе першыя тры клаліся б адна на адну спакойна, а далей пачынаўся б люты хардкор? Вось гэткае тэхзаданне.
Я захапіўся гэтай думкай і трое сутак не выпускаў яе з галавы. Хацелася знайсці ключык. Спачатку прыдумаў нешта складанае — пачаў спрашчаць. А што самае простае? Ну, фіксаваная форма, правільныя геаметрычныя целы. Спіраль Фібаначы. І я прыйшоў да элегантнай формулы, вакол якой геаметрыя фігурак і будуецца, — расказвае стваральнік настолкі Fibo.
![Белорус придумал новую настолку — и это “дженга” для интровертов](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/fibonacci-3210943_1920.jpg.webp?itok=zJxQY_Di)
Задача гульца — выбудаваць як мага вышэйшую вежу з фігурак. Але яму перашкаджае і гравітацыя, і дрыжачыя рукі.
— Фігуркі саслізгаюць, трэба шукаць патрэбныя куты, каб канструкцыя вытрывала. Мы ў коле сяброў называем гэтую гульню "Dark Souls у свеце настольных гульняў". Яна карае за кожны няправільны ўдых. Ледзь рука здрыганулася — і ўсё бурыцца, — кажа Віктар.
Самому стваральніку гульні пакуль яшчэ не ўдавалася выбудаваць у шэраг больш за дваццаць фігурак. І кажа, што пры ім яшчэ ніхто не спраўляўся лепш.
— Fibo — гэта "Джэнга" для інтравертаў і аматараў цішыні. У яе цікава гуляць нават аднаму. А "Джэнга", асабліва ў кампаніі, ездзіць па вушах. Мне як аматару чагосьці ўпарадкаванага не падабаецца, калі нешта грукоча і бразгае. А вось Fibo не грукоча і на пальцы не падае — яна робіць балюча інакш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.