Беларусь можа паўдзельнічаць у будаўніцтве трубаправода “Адэса – Броды"?

Суседзі Беларусі плануюць працягнуць украінскі нафтаправод “Адэса – Броды” да Польшчы. У кастрычніку гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на міжнароднай канферэнцыі ў Вільні. Тым часам прадстаўнікі беларускага ўраду вядуць перамовы ў Кіеве ў справе дастаўкі каспійскай нафты.
Як паведаміла Міністэрства гаспадаркі Літвы, прадстаўнікі гэтай краіны, а таксама Польшчы, Украіны, Азербайджана і Грузіі маюць намер 10-11 кастрычніка падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве ў рэалізацыі праекта працягнення ўкраінскага нафтаправода "Адэса - Броды" да Польшчы.

Праект прадугледжвае пабудову нафтаправода даўжынёй каля 250 кіламетраў, які злучыць Адэсу-Броды і польскую Адамаву Заставу на іншай галіне “Дружбы”. Адтуль трубаправод ідзе да Плоцкага і Гданьскага нафтаперапрацоўчых заводаў.

Калі праект будзе рэалізаваны, нафтаправод злучыць рэгіёны Каспійскага і Чорнага мора з Балтыкай і стане новым шляхам для транзіта нафты ў Еўропу.

Расійскае выданне ”Коммерсантъ” называе праект палітычным і выказвае сумневы ў яго хуткай рэалізацыі.

Адзначым, што днямі з’явілася інфармацыя пра планы беларускага ўраду качаць нафту з Каспійскага мора праз Украіну. У Кіеве на гэтую тэму прайшлі беларуска-ўкраінскія перамовы і таксама абмяркоўваўся варыянт выкарыстання нафтаправода “Адэса – Броды”.

Украінскі бок выказаў гатоўнасць забяспечыць тэхнічныя магчымасці па прыёмцы нафты з Каспійскага мора і яе перавалцы ў чыгуначныя цыстэрны.

Нагадаем, паводле канцэпцыі энергабяспекі ўрад Беларусі абавязаны да 2010 года забяспечыць пастаўкі альтэрнатыўнай нафты праз порты Балтыкі і Чорнага мора.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі