Беларусь далучылася да прагрэсіўнай дэкларацыі па абароне лесу

Як лес звязаны з дасягненнем вугляроднай нейтральнасці? / pixabay
Як лес звязаны з дасягненнем вугляроднай нейтральнасці? / pixabay

Беларусь далучылася да дэкларацыі па лясах і землекарыстанні, прынятай на 26-й кліматычнай канферэнцыі ў брытанскім Глазга.

Чаму сусветныя лідары такое значэнне надаюць лясам? Таму што "вугляродная нейтральнасць", да дасягнення якой заклікаюць імкнуцца эксперты, не азначае поўнай адмовы ад выкідаў. Вугляродная нейтральнасць азначае, што аб'ём выкідаў вуглякіслага газу не перавышае аб'ёмаў, якія могуць паглынуць лясы і акіян.

Беларуская дэлегацыя адзначыла, што лясамі пакрыта 40% тэрыторыі краіны. Яны здольныя паглынаць трэць усіх выкідаў СО2. Цяпер краіна шукае фінансаванне для праектаў па забалочванні яшчэ 1, 5 млн га асушаных тарфянікаў.

Кіраўнік дэлегацыі Беларусі ў Глазга амбасадар у Злучаным Каралеўстве Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Максім Ермаловіч адзначыў, што рэспубліка не здабывае і не выкарыстоўвае вугаль. Асноўнае паліва — прыродны газ. Паводле яго слоў, з уводам у эксплуатацыю БелАЭС выкіды парніковых газаў удасца знізіць на 8%.

На краіны, якія далучыліся да дэкларацыі і збіраюцца ратаваць лес, прыпадае 85% усіх лясных масіваў свету. Сярод іх ёсць Расія, Бразілія, Кітай, ЗША, краіны Афрыкі і ЕС. Цяпер і Беларусь.

Раней у Мінпрыроды тлумачылі, чаму Беларусь не адразу падпісала дэкларацыю. Па словах прадстаўніка міністэрства, на канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі не ўсіх зацікаўленых ведамстваў.

Пытанні, якія закранае дэкларацыя, датычацца не толькі Мінпрыроды, але і Міністэрства лясной гаспадаркі, і Мінсельгасхарча. Так што дэкларацыю можна было падпісаць толькі пасля кансультацый з кожным з іх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі