Байкот ці голас за партыю Гайдукевіча: што рабіць беларусам у дзень выбараў

Ці варта беларусам ісці на выбары?

Ці варта беларусам ісці на выбары? / @rubanau_collage

25 лютага 2024 у Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы. Беларускія дэмакратычныя сілы, у тым ліку Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, заклікалі беларусаў ігнараваць гэтае мерапрыемства.

Еўрарадыё сабрала меркаванні палітычных экспертаў наконт перадвыбарнай сітуацыі ў краіне.

 

Іншага выйсця няма

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што ў апанентаў Лукашэнкі іншага варыянту, акрамя байкоту выбараў, няма.

Я б сказаў, што гэта, хутчэй, меншае зло. Вядома, байкот — гэта не вельмі добра, ён не мабілізуе насельніцтва і ў асноўным з'яўляецца з'явай, якая дэмаралізуе. Але ў сённяшніх умовах у дэмакратычных сіл не застаецца альтэрнатыўнага выбару. Паўдзельнічаць у выбарах нельга, зламаць сцэнар уладаў таксама. Рэальнай спробы на нешта паўплываць проста няма.

Пры гэтым эксперт адзначае: калі чалавека ўсё ж загоняць прагаласаваць, то адзіны пэўны план — гэта паставіць "птушачку" ў графе "супраць усіх".

Відавочна, гэта не моцна паўплывае на агульную карціну і ніяк не сапсуе настрой уладам, але іншага выйсця я не бачу. Калі разабрацца, то байкатаваць можна толькі тое, што існуе насамрэч.

Калі б у Беларусі былі выбары, калі б лічылі яўку і галасы, то байкот быў бы рэальным інструментам уздзеяння, а цяпер не зусім зразумела, як можна байкатаваць тое, чаго няма.

Па-першае, яны ўсё роўна намалююць такую яўку, якую захочуць, а па-другое, будзе лічыцца, што выбары адбыліся, незалежна ад колькасці тых, хто прыйшоў. Таму я падкрэсліваю: той варыянт, які абрала беларуская апазіцыя, — яшчэ не найгоршы.

Калі казаць пра іншыя магчымыя стратэгіі дэмакратычных сілаў, то, на думку Карбалевіча, усе яны будуць вельмі небяспечнымі для людзей, якія, напрыклад, будуць вылучаць свае кандыдатуры на гэтых выбарах.

А якія ёсць варыянты? Заклікаць людзей вылучыць свае кандыдатуры і актыўна ўключыцца ў агітацыйную кампанію? Па-мойму, сёння любы спіс апазіцыйных кандыдатаў — гэта па факце "расстрэльны спіс".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі