БАТЭ разгромна прайграў у гасцях “Кёльну” — 2:5 (відэа)

БАТЭ разгромна прайграў у гасцях “Кёльну” — 2:5 (відэа)

БАТЭ разгромна прайграў у гасцях “Кёльну” ў чарговым матчы групавога раўнда футбольнай Лігі Еўропы — 2:5 (2:1). Паядынак з аўтсайдэрам бундэслігі, які ў сезоне яшчэ не выйграваў і не забіваў столькі галоў, можна падзяліць на некалькі адрэзкаў. У першым тайме пасля выдатнага моманту ў Мірка Іваніча, гаспадары поля стварылі некалькі галявых момантаў, а пасля забілі ў контратацы (Цолер, 16). Каманда Аляксандра Ермаковіча на нейкі час разгубілася, але ў сярэдзіне тайма ўзяла пад кантроль гульню і забіла два галы. Спачатку на 31-й рэабілітаваўся за памылку падчас прапушчанага гола Неманья Мілунавіч, а праз дзве хвіліны забівае Мікалай Сігневіч нажніцамі ўдарам праз сябе.

БАТЭ ўпэўнена гуляў да перапынку, але на другі тайм больш сабранымі выйшлі гаспадары поля. “Кёльн” кінуўся адыгрывацца, наперад яго гнаў перапоўнены стадыён. Пасля двух забітых галоў (Осака, 54; Гірасі, 63) нямецкая каманда не збавіла абароты, на браму Дзяніса Шчарбіцкага сыпаліся ўдар за ўдарам. А вось барысаўчанам наперадзе амаль нічога не ўдалося стварыць, відавочна, не хапіла сіл. Больш таго, былі прапушчаны яшчэ два галы (Осака, 83; Ёіч, 90). Замены Ермаковіча не спрацавалі, а вось Осака і Ёіч у “Кёльна” якраз выйшлі пасля перапынку.

БАТЭ гуляў у наступным складзе: Шчарбіцкі, Рыас, Гайдучык (Туомінен, 81), Мілунавіч, Палякоў, А. Валадзько (Радзівонаў, 70), Драгун, Гардзяйчук (М. Валадзько, 60), Іваніч, Стасевіч (капітан), Сігневіч.

Сёння ж у нашай групе адбыўся яшчэ адзін матч, лонданскі “Арсенал” і “Црвена Звезда” згулялі ўнічыю 0:0. Лідыруе “Арсенал” — 10 ачкоў, “Црвена Звезда” мае 5, БАТЭ — 4, “Кёльн” — 3 ачкі.

БАТЭ засталося правесці два матчы: 23 лістапада на “Барысаў-Арэне” з “Црвена Звездай”, а 7 снежня ў Лондане з “Арсеналам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі