Вы тут

Башыраў і Пятроў знайшлі новую працу — Bellingcat

Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў / Інтэрфакс

Меркаваныя супрацоўнікі ГРУ Анатоль Чэпіга і Аляксандр Мішкін, больш вядомыя як Руслан Башыраў і Аляксандр Пятроў, у цяперашні час працуюць на Крэмль, паведаміў чэшскаму выданню Novinky.cz Хрыста Грозеў, журналіст-даследчык выдання "Bellingcat".

Паводле яго слоў, Башырава і Пятрова ўзялі на дзяржаўную службу, паколькі яны больш не могуць працаваць шпіёнамі.

"Яны цяпер — важныя прадстаўнікі Крамля, так бы мовіць, для розных расійскіх рэгіёнаў", — адзначыў журналіст. Іншыя падрабязнасці ён паабяцаў паведаміць пазней.

Прозвішчы Башырава і Пятрова сталі вядомыя пасля атручвання ў Вялікабрытаніі былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў 2018 годзе. Брытанская выведка сцвярджала, што да гэтага замаху датычныя расійскія спецслужбы.  У адказ на расійскім тб з'явілася інтэрв'ю з двума мужчынамі, якія заявілі, што Башыраў і Пятроў іх сапраўдныя прозвішчы, а ў Солсберы, дзе жыў Скрыпаль, яны апынуліся выпадкова. Паводле іх слоў, гэта была турыстычная паездка.

Сёлета пра Башырава і Пятрова загаварылі ў Чэхіі. Там лічаць, што гэтыя людзі могуць быць датычныя  да выбухаў на складах боепрыпасаў у вёсцы Врбеціцы ў 2014 годзе. Тады загінулі два чалавекі. Прага абвясціла Башырава і Пятрова ў вышук.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.