Барысаўскі чыгуначнік пісаў "ліпавыя" пратаколы на пасажыраў, каб выканаць план

Барысаўскі чыгуначнік пісаў "ліпавыя" пратаколы на пасажыраў, каб выканаць план

Барысаўская міліцыя паведаміла, што выкрыла карупцыю на чыгунцы, інфармуе прэс-служба МУС. Гаворка ідзе пра "ліпавыя" адміністрацыйныя пратаколы за пераход чыгуначных шляхоў у забароненых месцах.

Падазраваным прызнаны 55-гадовы начальнік варты стралковай каманды на станцыі Барысаў Мінскага атрада ваенізаванай аховы Беларускай чыгункі. На мужчыну пачалі крымінальную справу за злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

Паведамляецца, што мужчына шукаў пасажыраў або звычайных мінакоў, якія, напрыклад, пілі піва або палілі ў межах чыгуначнага вакзалу. Ён праводзіў з імі прафілактычную гутарку, запісваў іх даныя. А потым гэтыя звесткі заносіў у фіктыўныя пратаколы. 

Дарэчы, ўсе штрафы чыгуначнік аплачваў са сваіх грошай. Рабіў ён гэты для таго, каб выканаць план па папярэджанні невытворчага траўматызму на аб'ектах транспарту.

МУС паведамляе, што вядома пра чатыры падобныя выпадкі. Але следства правярае, ці не мае ён дачынення да іншых карупцыйных злачынстваў.

Паводле інфармацыі МУС, сёлета ў сакавіку за такія ж дзеянні быў асуджаны калега гэтага начальніка варты. Яму прысудзілі два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.

Падобныя парушэнні пры выкананні "плану па парадку" ў Беларусі фіксуюцца перыядычна. У Чавускім раёне старшыня аднаго з сельскіх выканкамаў складаў фіктыўныя пратаколы на вяскоўцаў за парушэнне правілаў утрымання прыдамовых тэрыторыяў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі