Барыс Маiсееў адчынiць у Магiлёве школу балета?

Прадстаўнiкi Барыса Маiсеева звяртаюцца да ўпраўлення культуры Магiлёўскага аблвыканкама з просьбай перадаць шоўмену Дом культуры завода штучнага валакна, піша “Звязда”.
Сёння будынак належыць гарадской уладзе. На яго рамонт патрабуецца 2 мільярды рублёў. Дом культуры стаіць закінуты і выстаўлены на аўкцыён.

Пачатковы кошт нерухомасцi — каля 2,4 мiльярда рублёў, плюс арэнда на 50 гадоў зямельнага ўчастка — больш за 600 мiльёнаў. У вынiку — 3 мiльярды рублёў, умова — праз тры гады адчынiць культурна-забаўляльны цэнтр, але пакупнiкоў няма.

Аднак цяпер з'явiўся калi не пакупнiк, дык ахвотнiк. Для Маісеева, ураджэнца Магілёва, гэты Дом культуры — родны будынак, бо менавiта ў iм ён упершыню ў жыццi стаў танцаваць.

Гавораць, што ў Маiсеева адразу ўзнiкла iдэя стварыць у Магiлёве Палац мастацтваў, i адчынiць там балетную школу. Праўда, паводле некаторай iнфармацыi, размова iдзе не аб набыццi будынка, а аб атрыманнi яго бясплатна альбо за сiмвалiчную базавую велiчыню. Пакуль ніякія дакументы не падпісаныя, аднак перамовы ўсё ж вядуцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі