Balaton Sound: апошняя вандроўка па фестывалі з кульмінацыяй ад Moby

Больш за 70 тысяч чалавек на Балатоне радаваліся, што нарэшце пабачаць Moby. А Moby радаваўся, што яго запрасілі выступаць на адну сцэну з Kraftwerk, Underworld, Orbital i Röyksopp. На чацверты дзень фестывалю на Балатон даехалі ўсе, хто не мог зрабіць гэта за папярэднія тры дні. У выніку ўзбярэжжа трашчала ад наплыву людзей, скалыналася ад моцы басоў і папісквала ў экстазе.



Пачынаючы з раніцы, натоўп выключна прыгожых людзей (хоць ніякага фэйс-кантролю і не было) пачынаў зараджацца не толькі сонейкам, але і, напрыклад, вёдрамі бёрну з гарэлкай.



Часам, нават і не жадаючы таго, можна было сустрэць прадаўцоў “квіткоў” у трансатлантычнае падарожжа да Ямайкі. Не дзіва, што фестывальшчыкі ахвотна лёталі з Балатону туды і назад, ды яшчэ бралі гасцей на борт.



Аматары “здаровага ладу жыцця” рыхтаваліся да вечаровай праграмы іншым чынам — гулялі ў footbag. Аднаго такога мы сустрэлі паміж канцэртамі венгерскіх рэггі-дансхол-хіп-хоп-фанкераў Irie Maffia і нарвежскіх даўнтэмпераў Röyksopp.



Але не паспелі мы зрабіць некалькі здымкаў скокаючага хлопца, як высветлілася, што ён таксама ў "трансалтантычным падарожжы".

“Нічога сабе, як тут на ўсё закрываюць вочы” — не магла паверыць сяброўка Жэня з Мінску, якая ўпершыню пабачыла, як адпачываюць людзі, да якіх кожныя 2 хвіліны не чапляецца ахова са словамі “таго не рабі, тут не стой, там не сядзі, гэта не пей, тут не палі і г.д.”.



Пачуццё поўнай свабоды захлынала “прыезджых”, але іх на фэсце было не так шмат. То бок зусім не шмат. Адзін працэнт.
 
Аказалася, што гэтым некаторыя венгры ганарацца: “Сігет у нас адабралі іншаземцы, затое мы маем Балатон Саўнд!” — казалі яны ў тэлекамеры. Але з намі былі ветлівыя і добра размаўлялі па-ангельску.
 
Праўда, не заўсёды ведалі, дзе знаходзіцца Беларусь. Адзін малады венгр увогуле паспрабаваў пераканаць Еўрарадыё, што Беларусь – гэта краіна, якая складаецца з трох! Доўга прыпамінаў якіх, а пасля выдаў: “Так, я дакладна ведаю, гэта Бельгія, Нідэрланды і... як там яго, Люксембург!”
 
Еўрарадыё амаль пераканалася. А што нам.



Праблемы з геаграфіяй, дарэчы, былі не толькі ў дачыненні Беларусі. Калі на галоўнай пляцоўцы выступалі Röyksopp, мы, каб пазабавіцца, вырашылі дазнацца ў людзей, адкуль гэты гурт.
 
— А не з Галандыі?
— Не, са Скандынавіі, але адкуль?
— Мне здаецца з Германіі.
— А якая розніца адкуль... Галоўнае, музыку паслухайце!
 
Праз дзесяць чалавек мы, нарэшце, пачулі, што Röyksopp з Нарвегіі, супакоіліся і пачалі слухаць музыку.



Нарвежскія электроншчыкі прадставілі праграму з новага альбому Junior, які выйшаў у сакавіку гэтага года, закалыхалі ўсіх сваімі меладычнымі песнямі, выканалі хіты Happy Up Here, What Else Is There?, It's What I Want і пасля саступілі пляцоўку ньюёркскаму дыджэю, выканаўцы, прадзюсеру і вегетарыянцу Moby.



Да той гадзіны на галоўную пляцоўку сцягнуўся амаль увесь фестываль. Арганізатары называюць лічбу ў 70 тысяч. Можна было ў гэта паверыць, таму што людзі ледзь не віселі на дрэвах. Але, як не дзіўна, штурханіны не было.

Венгры, наколькі мы заўважылі, любяць стаяць на канцэртах шчыльненька, але так, каб і на танцы хапала месца. Напэўна, гэта своеасаблівая культура прыхільнікаў электроннай музыкі, таму што звычайна на канцэртах пад хэдлайнераў слэмяць і ніяк інакш.

Moby пачаў свой канцэрт з Extreme Ways, што імгненна разварушыла закалыханы Röyksopp натоўп.



Праз некалькі песень Moby, ледзь не саромеючыся, прызнаўся, што вельмі рады, што яго запрасілі выступаць на адну сцэну з Kraftwerk, Underworld, Orbital i Röyksopp.








Натоўп таксама радаваўся, уздымаў рукі дагары, усё вышэй і вышэй, а Мобі ўсё граў і граў, а калі дайшоў да Porcelain, то таньчыць пачалі ўсе бармэны і нават ахова!



Ледзь праціснуўшыся ў VIP-зону, дзе ў апошні дзень фестывалю быў перааншлаг, нам давялося паглядзець на галоўную сцэну з вышыні: тысячы рук цягнуліся ўгару, як шчупальцы воднага монстра, лавілі вібрацыі і касмічныя хвалі. Адзін у адзін, як апісваў натоўп амерыканскі пісьменнік Том Вулф ў сваёй кнізе “Электрапрахаладжальны кіслотны тэст”.



Толькі Вулф апісваў канцэрт Beatles у далёкія 70-я, а мы знаходзіліся ў 2009 годзе, на канцэрце Moby, у апошні дзень фестывалю Balaton Sound, і адчувалі сувязь з усёй планетай.

Фота: Міла Котка, Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі