Баі на Данбасе і разбураны аэрапорт у Крывым Рогу — 216-я раніца вайны

Самая вострая сітуацыя цяпер складваецца ў Данецкай вобласці / facebook.com/GeneralStaff.ua
Самая вострая сітуацыя цяпер складваецца ў Данецкай вобласці / facebook.com/GeneralStaff.ua

Ноччу расіяне абстралялі Запарожжа, Мікалаеў і Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці. У Запарожжы ракеты трапілі ў аб'екты інфраструктуры, кажа старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух. Быў пажар. Мікалаеў, па словах мэра Аляксандра Сянкевіча, расіяне абстралялі двойчы.

"Маем траплення ў розных раёнах горада. Цяпер вядома аб пашкоджанні шэрагу грамадзянскіх аб'ектаў, у прыватнасці жылых дамоў і крам, а таксама сеткі вадаправода", распавёў мэр.

У Нікапалі пашкоджаныя 15 прыватных дамоў, гаспадарчыя пабудовы, машыны. Ноч прайшла "пад залпавым агнём рэактыўных снарадаў і цяжкой артылерыі", кажа кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. А ўчора расіяне атакавалі аэрапорт Крывога Рога. Інфраструктура аэрапорта разбурана. Па словах Разнічэнка, "далейшае выкарыстанне аэрадрома і абсталявання немагчыма".

Усяго ж за мінулыя суткі расіяне нанеслі 9 ракетных і 22 авіяўдары, зрабілі больш за 90 абстрэлаў, паведамляюць у Генштабе УСУ. Ад пажараў пацярпелі больш за 50 населеных пунктаў. У Генштабе таксама адзначылі, што цягам дня падраздзяленні сіл абароны адбілі расійскія атакі ў раёнах Саледара, Курдзюмаўкі, Зайцава, Маёрска, Бахмута, Каменкі і Першамайска.

Расійскія войскі працягвалі наступальныя аперацыі вакол Бахмута і на захад ад Данецка, гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Украінскія сілы са свайго боку напярэдадні працягвалі прасоўвацца на поўнач ад Лімана і на ўсходнім беразе ракі Аскол. Акрамя таго, УСУ атакавалі расійскія наземныя лініі сувязі, каб не дапусціць контрнаступленне расіян на поўдні.

Бои на Донбассе и разрушенный аэропорт в Кривом Роге — 216-е утро войны
Карта баявых дзеянняў 26 верасня 2022 года / understandingwar.org

Самая вострая сітуацыя цяпер складваецца ў Данецкай вобласці, казаў у вячэрнім звароце украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Сілы абароны Украіны тут робяць усё, каб стрымаць актыўнасць праціўніка.

"Менавіта там цяпер наша мэта нумар адзін, бо і для акупантаў Данбас — усё яшчэ мэта нумар адзін", — заявіў Зяленскі. Паводле яго слоў, нягледзячы на відавочную бессэнсоўнасць вайны для Расіі і страту ініцыятывы, расійскае камандаванне ўсё роўна гоніць сваіх салдат на гібель.

"Настойлівыя спробы расійскага наступу на Данеччыне напэўна ўвойдуць у гісторыю войнаў як адно з самых цынічных забойстваў сваіх жа жаўнераў", — адзначыў украінскі прэзідэнт.

Украіна ўлічвае ўсе пагрозы з боку Беларусі, дзе ўжо паўгода працягваюцца вучэнні. Аб гэтым заявіла намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр.

"Што гэта значыць? Гэта азначае, што яны паўгода знаходзяцца ў стане баявой гатоўнасці. Таму мы не можам выключаць ніякіх пагроз з таго боку", цытуе Маляр агенцтва УНІАН. У адказ на гэта Украіна праводзіць ля мяжы з Беларуссю вучэнні "Паўночны ўраган 2022". "Мы афіцыйна паведамлялі пра гэта. Падраздзяленні УСУ, Нацыянальная гвардыя, памежнікі адпрацоўваюць разам спосабы процідзеяння тым пагрозам, якія там ёсць", — адзначыла Маляр. Паводле яе слоў, пагроза з боку Беларусі захоўваецца яшчэ і таму, што Аляксандр Лукашэнка вельмі залежыць ад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна. Як раз напярэдадні Лукашэнка здзейсніў неанансаваны візіт у Расію.

Міжнароднае агенцтва па ядзернай энергіі (МАГАТЭ) пачало перамовы па стварэнні зоны ядзернай бяспекі на часова акупаванай Запарожскай атамнай электрастанцыі. Пра гэта паведамілі ва ўкраінскім "Энергаатаме". Генеральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Марыяна Гросі ўжо правёў сустрэчу з намесніцай дзяржсакратара ЗША па пытаннях кантролю над узбраеннем і міжнароднай бяспекі Боні Джэнкінс, а таксама з генеральным адміністратарам камісарыята па атамнай энергетыцы Францыі Франсуа Жак.

Між тым на самой Запарожскай АЭС, якая знаходзіць пад кантролем расійскіх вайскоўцаў, сітуацыя застаецца напружанай. Пра гэта таксама гаварылася ў свежай зводцы Генштаба УСУ. "Супрацоўнікі станцыі не хочуць супрацоўнічаць з ворагам і спрабуюць пакінуць часова акупаваныя тэрыторыі", — адзначылі ўкраінскія вайскоўцы.

Бои на Донбассе и разрушенный аэропорт в Кривом Роге — 216-е утро войны
У выніку аднаго з абстрэлаў у верасні на станцыі была пашкоджаная сістэма астуджэння / @zaporojie24

У ЗША не бачаць ніякіх прыкмет таго, што Кітай быў гатовы дапамагаць Расіі ў супрацьстаяньні з Украінай або сыходзе ад санкцый. Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента Нед Прайс, піша CNN. Прайс адзначыў, што ЗША "працягваюць сачыць" за тым, што робіць Кітай ва Украіне. А заявы шэрагу кітайскіх чыноўнікаў паказваюць на тое, што Кітай мае "пэўную занепакоенасць тым, што Расія робіць ва Украіне".

Нідэрланды плануюць павялічыць вайсковую дапамогу Украіне ў адказ на псеўдарэферэндумы на акупаваных украінскіх тэрыторыях і мабілізацыю ў Расіі. Пра гэта напісаў у Twitter прэм'ер-міністр краіны Марк Рутэ. Таксама Нідэрланды выступаюць за ўвядзенне новых санкцый. "Мы ўзмацняем падтрымку Украіны. Больш зброі, больш санкцый і больш ізаляцыі для Расіі", — заявіў Рутэ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі