Вы тут

Ажароўскі: У пытанні АЭС Мінэнерга адстойвае інтарэсы “Расатама”, а не Беларусі

Фота tut.by

У інтэрв’ю літоўскай тэлерадыёкампаніі LRT намеснік міністра Міністэрства энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк расказвае, чаму будаваць БелАЭС пачалі менавіта каля літоўскай мяжы, чаму выбралі расійскі праект станцыі і чаму АЭС нам жыццёва неабходная. Ці заўжды беларускі чыноўнік шчыры, калі распавядае пра станцыю, і пра што ён адмыслова не кажа ўвогуле, ― разбіраем з расійскім фізікам-ядзершчыкам Андрэем Ажароўскім.

 

“Астравецкая пляцоўка” ― ідэальнае месца для будаўніцтва АЭС?

 

Цытата Міхадзюка: “Поўны аб'ём пошукаў правялі на Астравецкай пляцоўцы і не выявілі тут ні аднаго адмоўнага фактару ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі па размяшчэнні АЭС”.

Андрэй Ажароўскі:

Праўда ў тым, што ў Беларусі сапраўды мала пляцовак, прыдатных для размяшчэння АЭС. Розніца паміж падыходамі да гэтага пытання ў беларускага чыноўніка і эколагаў у тым, што мы ўпэўненыя: у Беларусі такіх пляцовак няма ўвогуле, а спадар Міхадзюк упэўнены, што Астравецкая пляцоўка падыходзіць па ўсіх крытэрыях. Праўда, да 2005 года той жа Міхадзюк упэўніваў нас, што Краснапольская пляцоўка ідэальная і адпавядае ўсім крытэрыям. А цяпер ён прызнае, што гэта абсалютна не так ― будаваць АЭС там нельга.

Кажучы пра Астравецкую пляцоўку, спадар Міхадзюк забыў сказаць пра яе сейсмічную небяспечнасць. Чаму яе забракавалі ў савецкі час? На пачатку мінулага стагоддзя ў 20 кіламетрах ад гэтай пляцоўкі быў вельмі моцны “Гудагайскі землятрус”. А пагроза землятрусу такая ж сур’ёзная, як пагроза карставая, з-за якой забракавалі іншыя пляцоўкі. Толькі намеснік міністра вырашыў пра гэта нічога ў інтэрв’ю не казаць.

 

Ці можна будаваць АЭС недалёка ад вялікага горада?

 

Цытата Міхадзюка: “Няма такіх рэкамендацый [пасля аварыі на АЭС “Фукусіма” не будаваць АЭС бліжэй за сто кіламетраў ад вялікіх гарадоў. ― Еўрарадыё]. Вас уводзяць у зман. Такіх рэкамендацый і такіх дакументаў не існуе”.

Андрэй Ажароўскі:

Такі дакумент сапраўды існуе, але гэта не рэкамендацыя МАГАТЭ ― гэта былі дакументы з рэкамендацыямі для выбару пляцоўкі яшчэ савецкага часу. Бо галоўны метад абароны ад радыяцыі ― абарона адлегласцю. Што праўда, гэтыя савецкія нормы парушаліся і ў самім Савецкім Саюзе. Прыклад, Ленінградская атамная станцыя. А МАГАТЭ такую рэкамендацыю даць не магло хаця б таму, што гэтая арганізацыя ― галоўны піяршчык выкарыстання атамнай энергіі, і яна нічога ніколі не забараняла. Усё таму, што МАГАТЭ не з’яўляецца адказным бокам. Уся адказнасць у выпадку катастрофы ляжа на бок, якія прымаў рашэнне, дзе і якую АЭС будаваць. У дадзеным выпадку гэта Беларусь.

Выснова: забароны будаваць БелАЭС на абранай пляцоўцы няма, але адсутнасць такой рэкамендацыі з боку МАГАТЭ выкліканая тым, што мэта гэтай арганізацыі ― прасоўванне атамнай энергетыкі. У адваротным выпадку, яны былі б вымушаныя сказаць, што ў Беларусі прыдатных для будаўніцтва АЭС пляцовак няма ўвогуле. Сутнасць пытання ж наступная: пасля аварый на ЧАЭС і “Фукусіме” будаваць станцыю недалёка ад вялікага горада, тым больш сталіцы суседняй дзяржавы, — рашэнне надзвычай безадказнае.

Інтэрв’ю Міхадзюка мае загаловак: “Мы ўсведамляем нашу адказнасць перад сусветнай супольнасцю”. Але ўсё інтэрв’ю дэманструе адказнасць Міхаіла Міхадзюка перад “Расатамам” ― адзінай арганізацыяй, зацікаўленай у будаўніцтве гэтай атамнай станцыі.

 

Былі ці не слуханні па БелАЭС у Літве?

 

Цытата Міхадзюка: “Праводзіліся. І гэта замацавана пратаколам. З гэтай нагоды вас таксама ўводзяць у зман. Мы правялі слуханні і ў Вільні ў 2010 годзе. Пасля іх у літоўскай сталіцы былі таксама арганізаваныя кансультацыі.

У адпаведнасці з рэкамендацыямі камітэта па ажыццяўленні Канвенцыі Эспо, мы ў 2013 годзе прапанавалі Літве арганізаваць яшчэ адны грамадскія слуханні. Аднак літоўскі бок з гэтай прапановай не пагадзіўся, таму мы арганізавалі слуханні ў Астраўцы. Забяспечылі падвоз грамадзян з Літвы ў Беларусь бясплатна нашымі аўтобусамі, арганізавалі бязвізавы праезд”.

Андрэй Ажароўскі:

Я быў на тых слуханнях у Вільні, і магу канстатаваць: там не было прафесійнага перакладу на літоўскую мову. І менавіта таму, а не праз нейкія палітычныя меркаванні, гэтыя кансультацыі не былі прызнаныя літоўскім бокам у якасці кансультацый у межах Канвенцыі Эспо. Беларусь, замест таго, каб зрабіць пераклад усіх неабходных дакументаў і правесці паўторныя кансультацыі, пачала будаўніцтва АЭС.

Дарэчы, Міхадзюк кажа, што Беларусь выконвае ўсе патрабаванні Орхускай канвенцыі [канвенцыя Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН “АБ доступе да інфармацыі, ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя” ― Еўрарадыё]. І “забывае”, што на апошняй канферэнцыі бакоў Орхускай канвенцыі, якая прайшла ў Чарнагорыі летам 2017 года, былі пацверджаныя ўсімі бакамі факты невыканання Орхускай канвенцыі Беларуссю.

 

Ці сапраўды Беларусь выбрала для сваёй АЭС самы надзейны і эфектыўны праект?

 

Цытата Міхадзюка: Мы адразу вызначыліся: гэта павінен быць самы сучасны праект пакалення 3+ з тэхналогіяй ВВЭР, таму што гэта самая апрабаваная, надзейная і эканамічная тэхналогія. Вартасці гэтага праекта агульна прызнаныя. У яго самы высокі каэфіцыент устаноўленай магутнасці. Яго надзейнасць пацвярджаюць і канкурэнты “Расатама”. У праекта ўдалае спалучэнне пасіўных і актыўных сістэм бяспекі.

Андрэй Ажароўскі:

На момант прыняцця рашэння Беларуссю наконт станцыі з такім рэактарам, такіх рэактараў у свеце не было, як не было і вопыту выкарыстання іх. А з інтэрв’ю можна зразумець, што ўсё было інакш.

Я грунтоўна вывучаў усе праекты, якія хочуць рэалізаваць у Расіі з выкарыстаннем рэактара тыпу ВВЭР-1200 пад агульнай назвай праекта “АЭС-2006”. Пытанняў да гэтага праекта вельмі шмат. Мяне мала цікавіць, наколькі ён эфектыўны і прасунуты ― усе гэтыя заявы больш падобныя да рэкламных слоганаў. Нас найперш павінны цікавіць не рэкламныя слоганы, а бяспека гэтага абсталявання. І тое, як у выпадку аварыі будуць мінімізавацца яе наступствы.

Не так даўно “Расатам” купіў траціну акцый адной фінскай кампаніі, якая мае дазвол на будаўніцтва АЭС, і цяпер спрабуе будаваць у Фінляндыі атамную станцыю з тым жа тыпам рэактара. І фінскі рэгулятар не дае дазвол пачаць гэта будаўніцтва, бо “Расатам” не можа адказаць на пэўныя пытанні датычна бяспекі. Пытанні чыста тэхнічныя, неспецыялісту яны нічога не скажуць, але сам факт таго, што “Расатам” адказаць на іх не можа, і таму пачатак будаўніцтва адкладваецца, сведчыць, што гэтая рэактарная ўстаноўка не з’яўляецца бяспечнай.

Так што, усё, што Міхадзюк прадэманстраваў сваімі развагамі, гэта вялікая залежнасць Беларусі ад Расіі ва ўсіх сэнсах, і адказнасць Мінэнэрга, як галоўнага заказчыка атамнага будаўніцтва, перад расійскай дзяржкарпарацыяй “Расатам”. Гэта сумна.

 

Ці дазволіць нам БелАЭС саскочыць з расійскай газавай іглы?

 

Цытата Міхадзюка: Мы не ведаем, што будзе праз тры гады з цаной на газ і многімі іншымі фактарамі, але перадумовы для прагнозу створаныя. Кошт ядзернай энергіі ніколі скачкападобна не вырасце, таму што кошт паліва ў ядзернай энергетыцы складае толькі 20 % ад сабекошту электраэнергіі. Гэта першае пытанне аб дыверсіфікацыі відаў паліва.

Другое пытанне. З паліўнага балансу краіны мы выключаем каля 5 млрд кубічных метраў прыроднага газу, які Беларусь імпартуе. А гэта валютны складнік, бо долары на куплю газу трэба зарабіць.

Андрэй Ажароўскі:

Намеснік міністра зноў выступае ў ролі коміваяжора і агента “Расатама”. Давайце пагаворым пра тое, колькі будзе каштаваць паліўная частка атамнай электрычнасці. Так, паліўны складнік у кошце атамнай электрычнасці каля 1/3, але і ён значны. А якім будзе кошт атамнага паліва для БелАЭС? На гэтае пытанне пакуль няма адказу. Міхадзюк спасылаецца на кошты на газ, але яны падаюць. Калі вы параўнаеце кошты на газ у 2005-2008 гадах, калі прымалася рашэнне аб будаўніцтве атамнай станцыі, і цяпер... Тады былі прагнозы, што кошты будуць вагацца ад 400 да 600 еўра за 1 тысячу кубаметраў. Але цяпер кошты значна ніжэйшыя, і эканамічны сэнс рашэння згубіўся на гэтым фоне.

Менавіта таму ў інтэрв’ю Міхадзюка няма ніякіх лічбаў. Хай ён шчыра скажа, пры якім кошце на газ ваша атамная станцыя будзе канкурэнтаздольнай. Пры існуючых сусветных коштах каля 200 долараў за 1 тысячу кубаметраў атамная электрычнасць не таннейшая за электрычнасць, якую выпрацоўваюць на сучасных электрастанцыях, што выкарыстоўваюць прыродны газ.

 

Якія пытанні не былі ўзнятыя падчас інтэрв’ю?

 

Атамная станцыя будзе выпрацоўваць радыеадкіды і адпрацаванае ядзернае паліва. Што з гэтым рабіць, незразумела ― наўрад ці ў Беларусі ёсць 4-5 лішніх мільярдаў долараў на будаўніцтва магільнікаў для высокаактыўных цеплавыдзяляючых радыеактыўных адкідаў. А сёння гэта галоўная праблема сусветнай атамнай энергетыкі: прыйшоў час будаваць магільнікі, а гэта вельмі дорага. Доўгатэрміновай стратэгіі ізаляцыі ядзерных адкідаў ад навакольнага асяроддзя ў Беларусі няма, і няма крыніц фінансавання на гэтыя мэты.

Няма адказу і на пытанне, колькі будзе каштаваць адпраўка адпрацаванага ядзернага паліва на перапрацоўку ў Расію. І ці будзе гэта адбывацца ўвогуле — адпаведная дамова дагэтуль не падпісаная.

БелАЭС вытрымае падзенне “кукурузніка”, але не пасажырскага Boing-777